класціся

тлумачэнне слова:

  класціся, кладуся, кладзешся, кладзецца; кладзёмся, кладзяцеся; прошлы час клаўся, клалася; незакончанае трыванне
    1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; процілеглае ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. ▪ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // пераноснае значэнне размоўнае слова Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б'юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.
    2. Апускацца, падаць на якую-н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. ▪ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе-н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.
    3. Засцілаць сабою што-н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз'яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.
    4. Браць які-н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».
    5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. ▪ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // пераноснае значэнне Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.
    6. пераноснае значэнне; на каго-што. Станавіцца чыім-н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.
    7. залежны стан да класці.
    •••
    Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.
    Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com