месца

тлумачэнне слова:

  месца, -а, ніякі род
    1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім-, чым-н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што-н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго-н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто-, што-н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. ▪ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой-н. паверхні. Месца ўдару.
    2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.
    3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго-н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.
    4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.
    5. пераноснае значэнне Становішча, якое займае хто-н. у чым-н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. ▪ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што-н. у чым-н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.
    6. размоўнае слова Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. ▪ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.
    7. спецыяльны тэрмін Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.
    •••
    Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.
    Лобнае месца (адносіцца да гісторыі, гістарычны тэрмін) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб'яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.
    Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.
    Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый-н. слабы бок.
    Ведаць (знаць) сваё месца глядзі ведаць.
    Вочы на мокрым месцы глядзі вока.
    Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой-н. справе.
    Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.
    Душа не на месцы глядзі душа.
    Жывога месца няма глядзі няма.
    З месца на месца — з аднаго месца на іншае.
    З месца ў кар'ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.
    Каб мне з гэтага месца не сысці глядзі сысці.
    Мазгі не на месцы глядзі мозг.
    Месца пад сонцам — права на існаванне.
    Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім-н.
    На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп'ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп'ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.
    Нагрэць месца глядзі нагрэць.
    На месцы — там, дзе што-н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.
    На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).
    На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.
    На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.
    На тым самым месцы сесці глядзі сесці.
    Не да месца — калі не трэба, недарэчы.
    Не знаходзіць (сабе) месца глядзі знаходзіць.
    Не месца — не павінна быць.
    Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) пераноснае значэнне у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.
    Паставіць каго на (сваё) месца глядзі паставіць.
    Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.
    Стаць на (сваё) месца глядзі стаць.
    Сухога месца няма глядзі няма.
    Таптацца на (адным) месцы глядзі таптацца.
    Уступіць месца глядзі уступіць.
    Цёплае месца — аб даходнай службе.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com