насіць

тлумачэнне слова:

  насіць, нашу, носіш, носіць; незакончанае трыванне, каго-што.
    1. Тое, што і несці1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. ▪ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. ▪ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам. Гаўрылкін. // Адносіць, дастаўляць куды-н., каму-н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак. Брыль. Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня. Лынькоў. // Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца... Кулакоўскі. // Трымаць доўгі час у чым-н., дзе-н. Насіць ліст у сумачцы. ▪ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай. Чорны.
    2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.
    3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. // пераноснае значэнне Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.
    4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. ▪ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Чорны. Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы. Кулакоўскі. // (1 і 2 асоба дзеяслова не ужываецца, ужыванне). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. ▪ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы. Карпюк. // Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей. // Мець, захоўваць. Насіць косы. ▪ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці. Шамякін. // Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. ▪ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам. Шамякін. // Мець як адзнаку прыналежнасці да якой-н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Бураўкін.
    5. Мець якое-н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. ▪ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць! Панчанка. Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям'я насілі вулічную мянушку Жыліны. Васілевіч. // Мець якую-н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. ▪ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў. Грамовіч.
    6. (часцей за ўсё ў спалучэнні з назоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго-н., характарызавацца чым-н. Навучанне носіць актыўны характар. ▪ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар. С. Александровіч. // Мець сляды ад чаго-н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка]. Крапіва. // пераноснае значэнне Мець адзнакі чаго-н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.
    7. пераноснае значэнне Утрымліваць у сабе; адчуваць, што-н., думаць што-н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі.. Броўка. Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. Колас. // Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы. Чорны. Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці. Пестрак.
    8. (1 і 2 асоба дзеяслова не ужываецца, ужыванне), часта безасабовая форма размоўнае слова Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе-н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! ▪ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце. Тармола.
    9. (1 і 2 асоба дзеяслова не ужываецца, ужыванне), часта безасабовая форма размоўнае слова Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць. Колас.
    •••
    Дзе цябе (вас) бог носіць? глядзі бог.
    За плячамі не насіць — аб чым-н. такім, што не абцяжарвае.
    Ледзь ногі носяць глядзі нага.
    Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым-н. бескарысным, рабіць што-н. заведама ўпустую.
    Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго-н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што-н. дрэннае каму-н.
    Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (глядзі надзяваць).
    Насіць на руках — надта песціць каго-н., удзяляць многа ўвагі каму-н.; балаваць.
    Пакуль ногі носяць глядзі нага.
    Чэрці носяць глядзі чорт.
    Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла глядзі зямля.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com