падняць

тлумачэнне слова:

  падняць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; прошлы час падняў, -няла, -няло; загадны лад паднімі і падымі; закончанае трыванне, каго-што.
    1. Узяць, падабраць што-н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. [Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу. Чорны.
    2. Змагчы ўтрымаць каго-, што-н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. ▪ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі. Колас. // пераноснае значэнне Асіліць, справіцца з чым-н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік. Васілёнак.
    3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць. Чорны. Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік. Арабей. // Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго-, чаго-н. Падняць заслону сцэны. // Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк. Чарнышэвіч.
    4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што-н. Падняць капот аўтамашыны. ▪ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай. Кандрусевіч. // Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей. Якімовіч. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Паслядовіч. Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно. Арабей.
    5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць. Гурскі. [Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат. Чорны. // Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце. Ракітны. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль-н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца. Ваданосаў. // Прымусіць узняцца. Падняць пыл. // пераноснае значэнне Натхняючы, схіліць да якога-н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу... Шамякін. [Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі. Паўлаў.
    6. Пачаць якое-н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. ▪ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца. Лынькоў. Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу. Новікаў. // Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы. Скрыган.
    7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады. // пераноснае значэнне Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю. Савіцкі. // пераноснае значэнне Зрабіць больш значным у чыіх-н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца. Колас. — Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць. Брыль.
    8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану. // пераноснае значэнне Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас.
    9. Наладзіць, палепшыць што-н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. ▪ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце. Жычка.
    10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць. Нікановіч.
    11. пераноснае значэнне размоўнае слова Перагледзець, шукаючы чаго-н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць». Ермаловіч.
    •••
    Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго-, што-н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі. Адамчык.
    Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Чорны.
    Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.
    Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго-н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын... Кляшторны.
    Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было. Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў. Вышынскі.
    Падняць на смех каго-што — высмеяць каго-, што-н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех. Асіпенка.
    Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.
    Падняць (узняць) руку на каго-што — зрабіць замах на каго-, што-н.
    Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што-н., у імя чаго-н.
    Як падняць — пра што-н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Дамашэвіч.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com