пара

тлумачэнне слова:

  па́ра1, -ы, жаночы род
    1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. ▪ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // размоўнае слова Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.
    2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб'іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб'яднаныя чым-н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.
    3. у значэнне прыслоўе парамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.
    4. у значэнне выказнік, каму (звычайна з адмоўем). размоўнае слова Пра таго, хто адпавядае каму-н. па якіх-н. якасцях, у якіх-н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.
    5. размоўнае слова Два прадметы, дзве штукі чаго-н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.
    6. размоўнае слова Невялікая колькасць чаго-н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.
    •••
    Пара сіл (спецыяльны тэрмін) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.
    На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім-н.
  па́ра2, -ы, жаночы род
    Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго-н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // размоўнае слова Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.
    •••
    Мятая пара (спецыяльны тэрмін) — адпрацаваная пара ў машынах.
    З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.
    Паддаць пары глядзі паддаць.
    Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).
  пара́, -ы́; множны лік по́ры (з лічэбнік 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; жаночы род
    1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які-н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.
    2. у значэнне выказнік Настаў час для чаго-н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.
    •••
    Без пары — рана, дачасна.
    Да гэтай пары — да гэтага часу.
    Да пары да часу — пакуль што.
    З той пары — з таго часу, моманту.
    Каторая пара — вельмі позна.
    Не ў пару — не ў час, недарэчы.
    У пару — у час, своечасова.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com