пасадзіць

тлумачэнне слова:

  пасадзіць, -саджу, -садзіш, -садзіць; закончанае трыванне, каго-што.
    1. Памагчы каму-н. сесці. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне і сама пачала секчы дровы. Чорны. Язэп пасадзіў Макарыху на лаўку, а сам пайшоў высветліць, ці праўда, што тут [у шпіталі] ляжыць Макар Кульба. Асіпенка. // Прапанаваць, прымусіць дзе-н. сесці. Сама.. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе і пасадзіць гасцей. Шахавец. Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, Як бы тую маладую У вясельнай славе. Купала. // Памагчы каму-н. заняць месца для паездкі на чым-н. Пасадзіць на аўтобус. ▪ Старшыня памог .. [старому] выйсці на двор, пасадзіў у сані і сказаў яшчэ некалькі слоў. Чорны.
    2. Усадзіць у зямлю, засыпаць зямлёй насенне, карэнне расліны, саджанца для далейшага росту. Пасадзіць дрэва. ▪ [Настаўнік:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкетнік, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак. [Дзед:] — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш. Чарнышэвіч. // Правесці пасадку. Пасадзіць бульбу. ▪ Трэба абавязкова пасадзіць сады ў кожным калгасе. Асіпенка.
    3. Паставіць у гарачую печ пячыся. Пасадзіць пірагі. ▪ Яшчэ не хутка будзе кіснуць цеста 1 бабка новы хлеб у печ пасадзіць, А восень — найбагатая нявеста — Далоні іх шурпатыя разгладзіць. Чэрня.
    4. Скіраваўшы да зямлі, прымусіць сесці, прызямліць (пра самалёт і пад.). Бурмакоў плаўна пасадзіў ракету. Лёгкі штуршок, і яна спынілася. Шыцік. З вялікімі цяжкасцямі экіпаж пасадзіў самалёт на ваду, і пажар быў ліквідаваны. Матрунёнак. // размоўнае слова Нагнуўшыся на перашкоду, пазбавіць каго-, што-н. магчымасці рухацца. Пасадзіць баржу на мель. ▪ [Каваль:] — Памятаеш, Паліна так і сказала: «Я спадзяюся на цябе...» А ты што робіш? Машыну ў яміну пасадзіў і адпачываеш... Га? Савіцкі. — А, ты пра ўчарашняе... Ды я ж і вінаваты — пабаяўся трактар пасадзіць у багну і прастаяў. Хадкевіч.
    5. размоўнае слова Арыштаваць, засадзіць у турму, карцэр і пад. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.
    6. Прымусіць чым-н. займацца, што-н. рабіць (звычайна седзячы). Пасадзіць за ўрокі. // размоўнае слова Прызначыць на якую-н. пасаду, месца і пад. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Чорны. // Вызначыць месца каму-н. дзе-н. Чытаў.. [Косцік] бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі. С. Александровіч.
    7. на што. размоўнае слова Абмежаваць у чым-н. (пераважна ў ядзе). Пасадзіць на дыэту. ▪ [Шэмет:] — Каб пабудавацца некалі, то трэба было прыпухнуць, сябе і дзяцей на сухую бульбу пасадзіць. Лобан. — Чаго ты дабіваешся, Адам? Хочаш, каб на семдзесят рублёў у месяц пасадзілі? Мыслівец.
    8. спецыяльны тэрмін Замацаваць што-н. у патрэбным становішчы. Пасадзіць дэталь.
    9. Памясціць дзе-н., у сярэдзіну чаго-н.; размясціць (жывёл, пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. [Дзед:] — Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу... Краўчанка.
    10. размоўнае слова Нанесці (пляму, кляксу на што-н.); пакінуць які-н. знак на чым-н. Пасадзіць сіняк. ▪ Зайшла аднойчы да нас суседка, убачыла на вокладцы буквара невялікую плямку, што я незнарок пасадзіў, раззлавалася і адабрала кнігу. Ляўданскі.
    11. Затупіць; прывесці ў нягоднасць, сапсаваць. — А сенакасілка толькі адна. Ды і тая стаіць другі дзень ужо — Арсень Пахілка пасадзіў нажы. Савіцкі. Доўга ціснуць на стартэр нельга — можна пасадзіць акумулятары. Мяжэвіч.
    12. пераноснае значэнне размоўнае слова Збіць, зблытаць пры адказе, перамагчы ў спрэчцы; паставіць каго-н. у няёмкае становішча. Пасадзіць на экзамене.
    •••
    Пасадзіць ва ланцуг — пазбавіць магчымасці хадзіць куды-н., наведваць каго-н.; абмежаваць чыю-н. свабоду.
    Пасадзіць на мель каго — паставіць у бязвыхаднае становішча.
    Пасадзіць на шыю каго каму — прымусіць каго-н. клапаціцца аб кім-н.
    Пасадзіць пад варту — арыштаваць.
    Пасадзіць у лужыну (у галёш) — паставіць у няёмкае, смешнае становішча.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com