прапусціць

тлумачэнне слова:

  прапусціць, -пушчу, -пусціш, -пусціць; закончанае трыванне
    1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму-, чаму-н.; пусціць перад сабою каго-н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму-н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.
    2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што-н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.
    3. што. Прасунуць, працягнуць праз што-н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што-н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім-н. апаратам. прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.
    4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што-н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. ▪ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.
    5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго-, чаго-н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што-н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.
    6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з'явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.
    7. што і без дапаўнення размоўнае слова Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з'есці што-н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.
    •••
    Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com