пры

тлумачэнне слова:

  пры, прыназоўнік з М.
    Спалучэнне з прыназоўнікам «пры» выражае:
      Прасторавыя адносіны
    1. Ужываецца для ўказання на непасрэдную блізкасць ад якога-н. месца. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў. Цётка. Пры лесе, пад горкай Бруіцца крыніца. Броўка. Блізка пры заводзе варушыліся рабочыя, якія працавалі на падкатцы дрэва. Пестрак. // Паблізу ад чаго-н., побач з чым-н. Насупраць, пры адзіным акенцы, стаяў столік, засланы нейкай белай тканінай. Пестрак. Там, пры самай сцяне, было цемнавата. Чорны. Натрудзіўшы добра рукі, Натаміўшы плечы, Толькі маці з вераценцам Туліцца пры печы. Колас. // Ужываецца з назвай мясцовасці, населенага пункта, каля якіх або ў раёне якіх што-н. адбываецца. Невялікае селішча Скіп'ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп'ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.
    2. Ужываецца для ўказання на прадмет, установу ці арганізацыю, якія ўключаюць у свой склад што-н. дапаможнае, падсобнае. Пры школе быў літаратурны гурток. А. Александровіч. Пры многіх кансультацыях арганізоўваліся малочныя кухні або раздатачныя пункты для забеспячэння грудных дзяцей малаком і пажыўнымі сумесямі. «Весці». З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак. Чорны.
    3. Ужываецца для ўказання на месца, установу і пад., дзе хто-н. займае якое-н. службовае становішча або дзе што-н. адбываецца. Папас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску. Колас. Вось так і стаў .. [дзед Ягор] вартаўніком пры школе... Скрыпка.
      Часавыя адносіны
    4. Ужываецца для ўказання на падзею ці з'яву, у момант якой адбываецца што-н. Там ля ганку праходзілі калі-нікалі людзі, штосьці гаворачы, пры кароткім гэтым спатканні, адзін аднаму. Чорны. Вось .. [Рыгор] бачыць Сёмку на полі пры ворыве. Гартны. Нават родныя бацькі папракалі сына хлебам пры абедзе за сталом. Колас. Самі ў круг, Як пры цудзе, Пусціліся ногі ва ўсіх. Куляшоў. Мне гэтага здымка, Што вытварыў кат, Відаць, пры жыцці не забыцца ніколі! Броўка.
    5. Ужываецца для ўказання на эпоху, перыяд, час, на працягу якіх што-н. адбываецца, здзяйсняецца. Жыць пры камунізме. // Ужываецца для ўказання на асобу, у перыяд жыцця, дзейнасці ці прысутнасці якой што-н. адбываецца. І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу захісталася гэта спадчыннасць ад подыхаў вялікай рэвалюцыі. Колас. Уля пры Пашку бянтэжыцца, чырванее. Паўлаў. Як пры бацьку жыў без ніякіх хатніх клопатаў, так цяпер і пры жонцы. Кулакоўскі.
      Аб'ектныя адносіны
    6. Ужываецца для ўказання на прадмет, які знаходзіцца ў наяўнасці, які ёсць у каго-н. Пры карове дзецям хоць малако было. // Ужываецца для ўказання на наяўнасць у каго-н. якіх-н. заняткаў, пасады і пад. Горды сваёй сілай, Уладай сваёй горды, Пры станку стаіць ён [народ] Непахісна, цвёрда. Купала. Поп Мікіта Сеяў жыта І аўсы і грэчкі, А ў святыя дні нядзелі Ён таксама быў пры дзеле — Стрыг авечкі. Колас. Я застаўся дома, пры гаспадарцы. Кулакоўскі. Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі. Прыказка.
    7. размоўнае слова Ужываецца для ўказання на які-н. прадмет, які знаходзіцца непасрэдна ў гэты момант у каго-н. як характэрная прыкмета гэтай асобы. — А на табе манішка, пры гальштуку ты, чаравікі. Лынькоў. Увесь час невялікі атрад быў на нагах і пры зброі. Самуйлёнак. Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі. Колас. // Ужываецца для ўказання на асобу, якая што-н. мае ў гэты момант. Раненыя падхапіліся. У большасці іх зброя была пры сабе. Шамякін. — Добра яшчэ, што пры мне сякера была. Якімовіч.
    8. Ужываецца для ўказання на асобу, у якой хто-н. знаходзіцца, жыве. Жыў пры матцы перш хлапчынка, І была халупка ў іх, Дзе курылася лучынка, Дзе туліліся ўтраіх. Колас. Алесь не памятае, як ён потым, дзе і пры кім або з кім піў малако. Брыль.
      Акалічнасныя адносіны
    9. Ужываецца для ўказання на якую-н. з'яву, акалічнасць, якія суправаджаюць што-н. Пры святле месяца. ▪ І пры гэтым святле Я запісваю з болем у сэрцы Час дакладны, але, Час яе [вуліцы] незабыўнае смерці. Куляшоў. // Ужываецца пры назвах прадметаў, што служаць указаннем на пэўныя абставіны, пры якіх што-н. адбываецца. І вось пры лучыне пільна і клапатліва тупаюць два чалавекі — бондар Даніла і яго жонка Аўдоцця. Бядуля. Недасачылі за ёю [газетай] фашысцкія вочы, Не захапілі пры лямпе яе апаўночы, Не пашматалі яе на кавалкі рукамі... Куляшоў.
    10. Ужываецца для ўказання на асобу ці калектыў, у прысутнасці якіх што-н. адбываецца. — Я шкадую, што не пайшоў наадкрытую: трэба было, каб пры нас, пры людзях Тэкля пайшла з хаты назаўсёды. Чорны. А ў сяле дзяўчаты ходзяць, Паглядаючы здаля Сарамліва пры народзе На Фядоса-каваля. Буйло. Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях. Гарэцкі.
    11. Ужываецца для ўказання на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Быць пры памяці. ▪ Жывём кожная ў адзіноце ды пры гадах — чым далей, тым страшней, ліха на яго, жыццё такое. Лось.
      Прычынныя адносіны
    12. Ужываецца для ўказання на прычыну, падставу чаго-н. Пры вашым непасрэдным удзеле. ▪ Пры дапамозе таварышаў Паўлу ўдалося ўступіць у рабочы батальён. Брыль.
    13. Ужываецца для ўказання на наяўнасць якіх-н. уласцівасцей, якасцей і пад., якія выклікаюць што-н., з'яўляюцца прычынай чаго-н. або падставай для чаго-н. — Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць. Колас.
      Умоўныя адносіны
    14. Ужываецца для ўказання на падзею, факт або абставіны, якія з'яўляюцца ўмовай для ажыццяўлення чаго-н. Такім чынам зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць. Колас.
      Уступальныя адносіны
    15. Ужываецца для ўказання на прадмет або абставіны, нягледзячы на якія што-н. існуе, адбываецца. Пры такой сціпласці ён усё ж адважыўся заявіць аб сабе ўголас. Пры ўсім пры тым нельга не ўказаць і на наступныя акалічнасці...
    •••
    Адзін пры адным глядзі адзін.
    Дзень пры дні глядзі дзень.
    Ні пры чым глядзі што.
    Пры чым тут..? глядзі што.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com