стары

тлумачэнне слова:

  стары, -ая, -ое.
    1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; процілеглае малады. Стары мужчына. ▪ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая. Арабей. Старога вераб'я на мякіне не падманеш. З нар. / у значэнне назоўнік стары, -ога, мужчынскі род; старая, -ой, жаночы род — Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад. Парахневіч. // размоўнае слова Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што-н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго-н. Актрыса старая для гэтай ролі. // Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы. Зарыцкі. Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Лынькоў. // Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала. Чорны. Стары твар маці зморшчаны. Бядуля.
    2. Які даўно ўзнік, з'явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. ▪ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай. Валасевіч. — А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Адамчык. Стары друг лепей за новых двух. Прыказка. // Які даўно займаецца якой-н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. ▪ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў. Шамякін. // Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую. Чарнышэвіч. // Даўно вядомы. Старая прыказка. ▪ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае. Шыцік.
    3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. ▪ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. // Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. ▪ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў. // Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.
    4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны. За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам. Дубоўка. Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт. Кірэенка. // Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі. Машара. // Несучасны, устарэлы. Старая мода.
    5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму-, чаму-н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. ▪ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех. Кулакоўскі. / Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета. / Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год. // Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.
    6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. ▪ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды. Дуброўскі. Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца. Якімовіч. // у значэнне назоўнік старое, -ста, ніякі род Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам! Мележ. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей. [Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць. Краўчанка.
    7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза. // Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка... Пташнікаў.
    •••
    Стары завет глядзі завет.
    Стары свет глядзі свет.
    Стары стыль глядзі стыль2.
    Стары халасцяк глядзі халасцяк.
    Голы як стары венік глядзі голы.
    І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.
    Мераць на стары аршын глядзі мераць.
    Па старой памяці глядзі памяць.
    Старая песня глядзі песня.
    Старое карыта глядзі карыта.
    Стары верабей глядзі верабей.
    Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.
    Як старой бабе сесці глядзі сесці.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com