хавацца

тлумачэнне слова:

  хавацца1, -аюся, -аешся, -аецца; незакончанае трыванне
    1. Забірацца куды-н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым-н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму-н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // пераноснае значэнне Ухіляцца ад чаго-н., спасылаючыся на каго-, што-н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // размоўнае слова Унікаць чаго-н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго-н. Хавацца ад даручэнняў. ▪ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. ▪ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // пераноснае значэнне размоўнае слова Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // пераноснае значэнне Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.
    2. пераноснае значэнне размоўнае слова Рабіць што-н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.
    3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым-н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым-н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.
    4. размоўнае слова Знаходзіцца, захоўвацца дзе-н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.
    •••
    Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.
    Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім-н. аўтарытэтам.
    Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.
    Хавацца ў цень — старацца перачакаць што-н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго-н., адседжвацца.
  хавацца2, -аецца; незакончанае трыванне
    залежны стан да хаваць2.



Get it on Google Play
 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107137

А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112459

А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96697

А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

lit.serge2@gmail.com


twitter.com/skarnikby твітніца

У першую дэнамінацыю адрэзалі 1 нуль, потым 3 нулі, а цяпер 4. Наступным разам камусьці адрэжуць галаву.