хто

тлумачэнне слова:

  хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займеннік
    1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго-н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.
    2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.
    3. неазначальны. размоўнае слова Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.
    4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.
    5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.
    6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.
    7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.
    8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.
    •••
    Мала хто — нямногія.
    Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.
    Хто дзе — у розных месцах.
    Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.
    Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.
    Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго-н.; абы-хто, хто прыйдзецца.
    Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.
    Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.
    Хто што — адзін адно, другі другое.
    Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.
    Хто як — адзін так, другія інакш.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com