брацца

тлумачэнне слова:

  брацца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незакончанае трыванне
    1. за каго-што. Хапацца рукамі за які-н. прадмет, за каго-н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.
    2. за што. Пачынаць работу, якую-н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.
    3. за што. Прыступаць да чаго-н., распачынаць якую-н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.
    4. з інфінітыў Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што-н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.
    5. з інфінітыў Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што-н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.
    6. (1 і 2 асоба дзеяслова не ужываецца, ужыванне). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.
    7. размоўнае слова Наставаць, пачынацца (пра з'явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безасабовая форма ужываецца, ужыванне Бралася на дзень. Бралася на мароз.
    8. размоўнае слова Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.
    9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.
    10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.
    11. за што. размоўнае слова Выказваць старанне, ахвоту да якой-н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.
    12. за каго-што. размоўнае слова Заступацца, ручацца за каго-н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.
    13. за каго. размоўнае слова фамільярнае слова Прымаць меры ўздзеяння.
    14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што-н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.
    15. размоўнае слова Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. ▪ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.
    16. залежны стан да браць (у 1-8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).
    •••
    Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.
    Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым-н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.
    Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.
    Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую-н. сур'ёзную справу.
    Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго-, чаго-н.
    Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.
    Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.
    Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім-н.
    Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com