браць

тлумачэнне слова:

  браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незакончанае трыванне
    1. каго-што. Авалодваць якім-н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. ▪ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго-н., чапаць што-н. рукою. Рукамі не браць. ▪ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго-н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які-н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. ▪ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго-н., запасіць што-н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што-н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».
    2. Сілай захопліваць што-н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што-н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.
    3. Прымушаць несці якую-н. службу, выконваць які-н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго-н. Браць на работу. ▪ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто-н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.
    4. З боем авалодваць чым-н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.
    5. Збіраць, спаганяць што-н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі-н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.
    6. Жаніцца з кім-н. Браць за жонку. ▪ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.
    7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.
    8. Спыняцца на чым-н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.
    9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. ▪ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.
    10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое-н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.
    11. Рабіць якое-н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго-н., што-н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. ▪ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.
    12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // пераноснае значэнне Перамагаць з дапамогай чаго-н. Браць не сілай, а розумам. / у безасабовая форма ужываецца, ужыванне Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безасабовая форма ужываецца, ужыванне Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.
    13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. ▪ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім-, чым-н. які-н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. ▪ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. ▪ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым-н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.
    14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.
    15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго-н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што-н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго-н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім-н., аказаць падтрымку каму-н., пашырыць уладу на каго-н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.
    16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.
    17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.
    18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.
    19. размоўнае слова Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.
    20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.
    21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.
    •••
    Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што-н.
    Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.
    Браць (узяць) верх над кім дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго-н.
    Браць (узяць) волю над кім навязваць (навязаць) каму-н. свае жаданні, сваю волю.
    Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім-н. без асаблівых цяжкасцей.
    Браць горлам — дамагацца чаго-н. крыкам.
    Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго-, чаго-н.
    Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго-н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.
    Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які-н. выпадак, здарэнне.
    Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым-н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.
    Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.
    Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.
    Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго-н. энергічнымі дзеяннямі.
    Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго-, што-н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго-н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.
    Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (глядзі чэрпаць).
    Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.
    Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.
    Браць на бога — выпытваць што-н., ставячы правакацыйныя пытанні.
    Браць (узяць) на буксір — памагаць каму-н., хто адстае, выконваць што-н.
    Браць (узяць) на веру што верыць, давяраць, калі па якой-н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым-н., праверыць што-н.
    Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што-н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.
    Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго-, што-н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім-, чым-н.
    Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што-н. рабіць.
    Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім-н. напрамку.
    Браць на пуп (грубае слова, грубы выраз) — перанапружвацца фізічна.
    Браць (узяць) на сябе што а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што-н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што-н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго-н.
    Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.
    Браць ногі на плечы (урукі) — хутка, паспешна ўцякаць.
    Браць (узяць) пад абстрэл глядзі узяць.
    Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.
    Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.
    Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што-н., выносячы якое-н. рашэнне.
    Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго-н. што-н.
    Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.
    Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.
    Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.
    Браць (узяць) слова з каго дамагацца (дамагчыся) ад каго-н. абяцання выканаць што-н.
    Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.
    Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.
    Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго-н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.
    Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго-н., імкнучыся схіліць да чаго-н., зрабіць уплыў на каго-н.
    Браць (узяць) у галаву што многа думаць пра што-н.
    Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго-н.
    Браць (узяць) у разлік — улічваць (ўлічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.
    Браць у рукі каго, што рабіць каго-н., што-н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.
    Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго-н. ва ўчынках.
    Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.
    Дзіва бярэ глядзі дзіва.
    Ліха яго бяры глядзі ліха.
    Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.
    Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.
    Смех бярэ глядзі смех.
    У рот не браць — нічога не есці.
    Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.
    Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.
    Чорт не бярэ глядзі чорт.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com