тлумачэнне слова:
глядзець, -джу, -дзіш, -дзіць; незакончанае трыванне 1. Накіроўваць позірк куды-н., звычайна, каб убачыць, разгледзець каго-, што-н. Глядзець угору. Глядзець на дзяцей. Глядзець на мора. ▪ Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. Сеўшы ў кутку на канапе, [Алесь] паныла глядзеў, як Ганна Сцяпанаўна збірае Ніну ў дарогу. Шыцік. // Пра магчымасць, здольнасць (вачэй) бачыць, заўважаць каго-, што-н. Са сну вочы не глядзяць. // Быць накіраваным на каго-, што-н. (пра вочы). Вялікія светлыя вочы Марылькі глядзяць задуменна. Брыль. // Назіраць за кім-, чым-н. пры дапамозе аптычных прылад. Глядзець у мікраскоп. Глядзець у бінокль. // пераноснае значэнне Звяртацца ў думках да каго-, чаго-н. — Гэта ўжо іншага характару чалавек — завельмі далёка наперад глядзіць. Пянкрат. Чалавек прывык глядзець уперад, і чаканне добрага змяншае пакуты перажытага, яны застаюцца толькі цяжкім успамінам. Ставер. // пераноснае значэнне; на каго-што. Звяртаць увагу, лічыцца з кім-, чым-н. Глядзець на абставіны. ▪ Дзяўчынка такі згатавала абед, а Каця глядзець на яго не хоча. Гамолка. // пераноснае значэнне; на каго-што. Браць прыклад з каго-н., пераймаць чые-н. учынкі, паводзіны. Глядзі, як людзі робяць. // пераноснае значэнне; на каго-што. Мець свой погляд на каго-, што-н., адносіцца якім-н. чынам да каго-, чаго-н. — Тата, я хачу паступіць у семінарыю, — сказаў аднойчы Зміцер. — Як ты на гэта глядзіш? С. Александровіч. 2. каго-што, каго-чаго, за кім-чым і са злучнік «каб». размоўнае слова Даглядаць каго-, што-н., наглядаць за кім-, чым-н. Глядзець дзяцей. Глядзець, каб быў парадак. ▪ А на рэчцы на Арэсе Тэмп узяты шпаркі: Камунары, камунаркі Глядзяць гаспадаркі. Купала. Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам. Чорны. // Удзяляць многа ўвагі каму-, чаму-н., шанаваць каго-, што-н. Дужа глядзела сябе [Лукер'я]. Едзе на поле, палоць там ці жаць, — на ёй кофта вышываная, а на галаве хусцінка макаўкай... Ракітны. 3. каго-што. размоўнае слова Аглядаць, разглядаць. Глядзець новую школу. ▪ Часта выходзіў «Салавей» з Зось[чы]най хаты на двор. Рупіла глядзець-сачыць, ці хто за ім не гоніцца. Бядуля. // Рабіць агляд, абследаванне каго-, чаго-н. Доктар глядзеў хворага. ▪ Ні Валодзька, ні дзед Дзяніс яшчэ не ведалі пра бяду: абодва былі ў полі, глядзелі пчаліныя калоды перад зімою. Мележ. // Быць гледачом. Любяць у Грынях кіно — будуць па колькі разоў глядзець. Пташнікаў. [Марынка] паведамляла пра навіны ў Мінску, пра сваю вучобу, пра спектаклі, якія глядзела, пра кнігі, якія чытала. Хадкевіч. 4. на каго-што, куды. Быць накіраваным у які-н. бок. Досыць высокі, сухі.. [бераг] глядзеў на поўдзень і непасрэдна награваўся праменнямі сонца. Маўр. Па дарогах з-за кожнага дрэва і куста на .. [белапалякаў] глядзелі дулы партызанскіх вінтовак і рэвальвераў. Якімовіч. 5. Віднецца, паказвацца адкуль-н. — Ну, проша ў хату! проша, кумка! — Глядзіць бутэлька з яе клумка. Колас. Маці над сынам схілілася нізка, Гора глядзіць з яе кожнае рыскі. Панчанка. 6. пераноснае значэнне размоўнае слова Мець нейкі выгляд; выглядаць. Глядзяць сіратою лугі, Пажоўклі, аселі стагі, Да долу прыпалі. Колас. 7. са злучнік «каб». размоўнае слова Імкнуцца, намагацца зрабіць што-н. Багаты — рагаты: усё глядзіць, каб каго збіць. Прыказка. 8. загадны лад глядзі(це)! у значэнне выклічнік Выражае: а) папярэджанне, перасцярогу або пагрозу. Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак: — Толькі глядзі, каб не падвёў мяне! Якімовіч; б) здзіўленне, спалох. — Глядзіце, што нарабіла ваша Дудачка! — [Маці] паказала новы бацькаў касцюм. У ім усе гузікі вавёрка паадгрызала. Даніленка; в) ужываецца як знак спасылкі ў тэксце. Глядзі наступную старонку. 9. загадны лад глядзі, 2 асоба дзеяслова адзіночны лік цяп. глядзіш у значэнне пабочнае слова размоўнае слова Між тым, тым часам. Час ідзе, глядзіш, і замуж дачку аддаваць пара... Васілевіч. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў дасталі [бацька з Міколкам]. Лынькоў. 10. 1 асоба дзеяслова цяп. гляджу (глядзім) у значэнне пабочнае слова размоўнае слова Як выяўляецца. Глядзім, ён ужо тут. ••• Воўкам глядзець (пазіраць) — таіць злосць на каго-н. Глядзець арлом — выглядаць бадзёра, жыццярадасна. Глядзець ваўкалакам — тое, што і воўкам глядзець. Глядзець ва ўсе вочы — уважліва, пільна глядзець. Глядзець вачамі каго або чыімі — адносіцца да каго-, чаго-н. з чужых пазіцый. Глядзець другімі (іншымі) вачамі на каго-што — інакш адносіцца да каго-, чаго-н., ацэньваць з іншага пункту погляду. Глядзець з рук каго або чыіх — не мець самастойнасці, быць у матэрыяльнай залежнасці ад каго-н. Глядзець на паповы сані — быць пры смерці. Глядзець на рэчы як — ацэньваць, адносіцца да чаго-н. пэўным чынам. Глядзець нядобрым (крывым, косым) вокам — злаваць на каго-, што-н. Глядзець (пазіраць) зверам — злаваць, варожа адносіцца да каго-н. Глядзець (пазіраць) коса (скоса) на каго — злаваць, нядобразычліва адносіцца да каго-, чаго-н. Глядзець (пазіраць) у кусты — старацца ўвільнуць ад якой-н. справы, адказнасці і пад. Глядзець (пазіраць) у лес — не ўпадабаўшы месца работы, жыцця, старацца пакінуць яго. Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што — не заўважаць недахопаў у кім-, чым-н., ідэалізаваць каго-, што-н. Глядзець прама ў вочы — не баяцца, не саромецца чаго-н. Глядзець праўдзе ў вочы — цвяроза ўсё ацэньваць, трымацца праўды. Глядзець са сваёй званіцы на каго-што — аднабакова, па-свойму ацэньваць што-н. Глядзець праз пальцы на каго-што — несур'ёзна, абыякава ставіцца да каго-, чаго-н., наўмысля не надаваць сур'ёзнай увагі каму-, чаму-н. Глядзець смерці ў вочы — быць у вялікай небяспецы, блізка да смерці. Глядзець у зубы каму — цацкацца, цырымоніцца з кім-н. Глядзець у корань — унікаць у сутнасць якой-н. справы. Глядзець у магілу (у зямлю) — пра старога або хворага чалавека, блізкага да смерці. Глядзець у рот — зайздросна глядзець на таго, хто есць. Глядзець у чарку — часта выпіваць. Глядзець як вока — старацца аберагаць каго-, што-н. Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго — адносіцца, ставіцца да каго-н. з пагардай. І ў той бок не глядзець — поўнасцю ігнараваць, не прызнаваць каго-, чаго-н. Куды вочы глядзяць глядзі вока. На свет глядзець не хочацца — пра дрэнны настрой, цяжкае прадчуванне. Не глядзець ні вока ні бока — рабіць што-н. не асцерагаючыся. Не ў той бок глядзець (пазіраць) — рабіць не тое, што трэба. Няма на што глядзець — хто-, што-н. выглядае нікчэмна, выклікае пачуццё расчаравання, здзіўлення. Як у ваду глядзеў — быццам загадзя ведаў.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com