дык

тлумачэнне слова:

  дык, часціца.
    1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой-н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.
    2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.
    3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму-, чаму-н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.
    4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.
    5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.
    6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.
    7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.
    •••
    А не дык глядзі а2.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com