ад

тлумачэнне слова:

  ад, прыназоўнік з родны склон.
    Спалучэнне з прыназоўнікам «ад» выражае:
      Прасторавыя адносіны
    1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета, ад якіх пачынаецца рух, перамяшчэнне каго-, чаго-н.; прыназоўнік «ад» у такім знач. процілеглы прыназоўнікам «да» і «к». Зірнуў.. спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі. Лынькоў. Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку пашыраецца, разыходзіцца, пачынаецца што-н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г. д. [Сенька:] — Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню — ездзілі мы тады ад Мінска да Уладзівастока. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Колас.
    2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з'яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго-н. Скіп'ёўскае Нераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавічы. Чорны. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адлегласці паміж чым-н., працягласці граніц чаго-н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Колас.
    3. Ужываецца ў значэнні прыназоўнікаў «каля», «збоку», «непадалёку», пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны.
      Часавыя адносіны
    4. У спалучэнні з назоўнікам, які мае часавае значэнне, паказвае на момант, з якога пачынаецца якое-н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі ў нас Пра Радзіму — найлепшыя думы. Панчанка. Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені позняй Пяе поле трактарамі Весела, пагрозы. Купала. — Будзь здарова! — кажу школе, Сам — на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай Аж да вечара ад ранку, Покуль мой атрад рагаты Не захоча зноў дахаты. Крапіва.
    5. Пры паўтарэнні назоўніка з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння — перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і пад. Год ад году. ▪ Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі. Навуменка.
    6. Ужываецца пры абазначэнні прыкметы прадмета паводле часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 чэрвеня 1977 года.
      Аб'ектныя адносіны
    7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы, ад якіх выходзіць што-н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы. Лынькоў. Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта панавала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў. Скрыган.
    8. Ужываецца пры назве прадмета, ад якога аддзяляецца што-н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў. Прыказка. / у безасабовая форма ужываецца, ужыванне У Міці адлягло ад сэрца. Навуменка. // Ужываецца пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Брыль.
    9. Ужываецца пры назвах прадметаў, з'яў і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу. ▪ Навокал было пуста і ціха. Нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты. Шамякін.
    10. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, стану, супраць і для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што-н. [Міхась:] — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата. Чарнышэвіч. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на Свеце. Прыказка.
    11. Ужываецца пры абазначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто-н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву.
    12. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы, з якімі супастаўляюцца другія, падобныя да іх. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з'яў.
      Адносіны параўнання
    13. абласное слова Ужываецца ў значэнні прыназоўніка «за» (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.
      Азначальныя адносіны
    14. Ужываецца пры вызначэнні цэлага, асобнай часткай якога з'яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары. ▪ Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прычыннай залежнасці чаго-н. Цень ад бярозы. След ад калёс.
    15. У спалучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам «да» і другім лічэбнікам ужываецца пры вызначэнні велічыні, узросту, вагі, якія абмяжоўваюць што-н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры абазначэнні поўнага ахопу ўсіх прадметаў, уласцівасцей і пад., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім-н. На полі былі ўсе — ад старога да малога.
      Адносіны прыналежнасці
    16. Ужываецца пры вызначэнні сферы дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: Вы [кат] — ад пятлі, а я — ад пяра, А працуем над супольнай справай, Карыстаемся роўнаю славай. Крапіва. // Пры вызначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, установы, прадстаўніком якіх з'яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.
      Прычынныя адносіны
    17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія вырашаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога-н. дзеяння або стану. Чырванець ад сораму. ▪ У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання. Кулакоўскі.
    18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану, названага кіруючым словам. У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос. Пестрак. Радзіўся новы рупны дзень Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка.
      Адносіны спосабу дзеяння
    19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад соткі. ▪ Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. — Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы. Шамякін.
    20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні ўзаемадзеяння асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. ▪ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога. Гартны.
    21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні прадмета, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.
    •••
    Ад сілы глядзі сіла.
    Ад цёмнага да цёмнага глядзі цёмны.
    Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца глядзі сэрца.
    Ад душы глядзі душа.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Люблю беларускую мову. Недарэмна ў слове сябар ёсць БАР. :)