збіць

тлумачэнне слова:

  збіць, саб'ю, саб'еш, саб'е; саб'ём, саб'яце; закончанае трыванне, каго-што.
    1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што-н. ад чаго-н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. ▪ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.
    2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. ▪ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.
    3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго-, што-н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго-н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль-н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. ▪ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што-н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб'е, што там хутар багаты. Чорны.
    4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. ▪ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. ▪ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.
    5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // размоўнае слова Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. ▪ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // размоўнае слова Здзерці, абадраць скуру аб што-н. Збіць калена. ▪ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.
    6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. ▪ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што-н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.
    7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго-н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго-н. Збіць цану. // пераноснае значэнне размоўнае слова Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго-н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.
    8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.
    9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.
    10. Прыгатаваць што-н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.
    11. размоўнае слова Б'ючы, таўкучы, зрабіць што-н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.
    •••
    Збіць гонар — прымусіць каго-н. не гадавацца.
    Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што-н. нядобрае.
    Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.
    Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.
    Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (глядзі адбіць).



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com