і

тлумачэнне слова:

  і1, нескланяльнае слова, ніякі род
    1. Дзесятая літара беларускага алфавіта. Друкаванае і.
    2. Галосны гук пярэдняга рада верхняга пад'ёму. Націскное і. Прыстаўное і.
    •••
    Васьмярычнае «и» — назва літары «и» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 8.
    Дзесяцярычнае «і» — назва літары «і» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 10.
    «І» кароткае — назва літары «й».
    Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» глядзі ставіць.
  і2, злучнік
    I. спалучальны.
    1. Ужываецца для злучэння аднародных членаў сказа і цэлых сказаў з аднароднымі паведамленнямі. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Дрыжаць у золаце асіны, І гнуцца кісці верабіны. Колас. // Злучае словы, якія паўтараюцца для абазначэння працягласці дзеяння, узмацнення якасці, прыметы і пад. Бесперапынны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. Адна за другой знікалі зоры, хмары хутка ахіналі неба, і яно рабілася цямнейшым і цямнейшым. Лынькоў. // Злучае два словы ў інтанацыйнае цэлае, што выражае адно паняцце, адну ідэю. І ходзяць хвалі ноч і дзень, Шумяць і вечарам, і рана. Чарот. Гонар і слава людзям, якія бадзёра, няспынна і няўхільна крочаць да вялікай мэты — да камунізма. Крапіва. Покатам ляжалі выносныя сосны, ляжалі ўздоўж і накрыж, як пасля якой буры. Пестрак.
    2. Злучае сказы, звязаныя адносінамі адначасовасці або паслядоўнасці падзей. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Бразнула клямка ў сенцах, і на парозе з'явіўся Іллюк. Хадкевіч.
    3. Злучае сказы, звязаныя: а) прычынна-выніковай залежнасцю. За выключэннем моста, ніякай асаблівай аховы на чыгунцы не было яшчэ ў тыя часы, і падступіцца да чыгункі было параўнальна лёгка. Лынькоў. / У спалучэнні са словамі «таму», «ад гэтага» і пад. Чыстая глыбокая рэчка ў люстраной паверхні сваёй адбівае блакітнасць неба, і ад гэтага здаецца яна бяздоннай. Галавач; б) умоўна-выніковай залежнасцю. Знайдзі пачатак — і ты зразумееш шмат што. Мікуліч. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.
    4. Злучае сказы і члены сказа з супраціўнымі паведамленнямі. Крамарэвіч хацеў стаць на ногі і ўпаў у непрытомнасці. Чорны. Мы ранілі ногі аб камяні, І нам не было балюча. Панчанка.
    II. пералічальны.
    Злучае асобныя члены пералічэння, прычым можа стаяць перад кожным членам рада, у тым ліку і перад першым. Нібы на нейкім перавале, Стаю, гляджу назад з гары І бачу пройдзеныя далі, І шлях прамераны стары, І ўсё, што ззаду засталося, І ўсё, што знойдзена ўвясну. Колас. І шыла, і мыла, і прала, і ткала — усё языком. З нар. // Ужываецца толькі перад апошнім аднародным членам, паказваючы, што пералічэнне канчаецца. Чалавек быў моцнага складу, шырокай косці, плячысты і каранасты. Быкаў.
    III. далучальны.
    1. Далучае сказы і асобныя члены сказа, якія дапаўняюць і развіваюць выказаную думку. Нейкі невыразны маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі. Колас. — Глядзі, Карл Пракопавіч, як вырасла твая сям'я. Калектыў, і якія героі ўсе! Адзін у адзін. Шамякін. // Далучае сказ, які з'яўляецца працягам або абагульненнем папярэдняга выказвання. Вобраз Ліды неадступна стаяў у вачах. І што найбольш глыбока запала ў сэрцы, гэта — апошні яе погляд. Колас. / У спалучэнні з часціцай «вось» («вот»). І вось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес. Колас.
    2. У спалучэнні з папярэдняй паўзай паказвае на раптоўнасць, нечаканасць новага дзеяння. Новы дзень — і што-небудзь новае прыносіць венцяроўцам. Чарот. Першы мядзвейжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль.
    3. Ужываецца ў пачатку некалькіх сказаў пры абмалёўцы паслядоўнага развіцця і змены падзей. Работу кончыў серп у полі, І лета хіліцца на спад, І плод у сонцавым падоле За агароджай спеліць сад. Колас.
    IV. далучальна-ўзмацняльны.
    У пачатку пытальных і клічных сказаў ужываецца для ўзмацнення выразнасці выказвання. Дайшла да .. [Журавінкі] учора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла. Што цяпер можна зрабіць? Лобан.
    V. уступальны.
    Ужываецца ў значэнні, блізкім да злучніка «хоць» («хаця»). І не складаная задача, а падумаць над ёй трэба. ▪ І пусты мех, а золатам шыты. З нар.
    VI. вылучальны.
    Падкрэслівае ўнутраную сувязь з'яў, падзей; ставіцца перад выказнікам, набывае значэнне слоў: тады, то, так што. — Словам, памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь і дадумацца. Колас.
    •••
    І гэтак далей глядзі далей.
    І іншыя (іншае) глядзі іншы.
    І падобнае глядзі падобны.
  і3, часціца ўзмацняльная.
    1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсу таго слова, перад якім стаіць. І працаваў жа ён! Ну і пагодка ж сёння! Аб гэтым і трэба падумаць. ▪ — Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка! Колас.
    2. Вылучае, падкрэслівае наступнае слова; па значэнню адпавядае часціцы «нават». Без газет Андрэй Давыдавіч не мог і дня пражыць. Корбан. Воўк і лічанае бярэ. Прымаўка. І сцены вушы маюць. Прыказка.
    3. Адпавядае па значэнню часціцы «таксама». Будзе і на нашай вуліцы свята. Прымаўка.
    •••
    Вось табе і... глядзі вось.
    Вось табе і маеш! глядзі вось.
    Вось табе і на! глядзі вось.
    Вось табе і раз! глядзі вось.
    І кончана глядзі кончана.
    І так — без таго; без гэтага. Дзяцей трэба вызваліць ад работы: яны і так стаміліся.
    І то — нават. [Антаніна Пятроўна:] У цябе талеркі і то ляцяць з рук, а аўтамабільныя дэталі гэта табе не талеркі. Крапіва.
  і4, выклічнік (часта вымаўляецца працяжна).
    1. Выражае высокую ступень якога-н. пачуцця. І — божа мой! — якім духмяным Павее водарам яна [скарынка хлеба]! Глебка.
    2. (звычайна ў пачатку рэплікі). Выражае нязгоду, пярэчанне словам субяседніка. — І-і-і, браце, усё гэта не так.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Гэты няёмкі момант, калі ясі смачныя танныя польскія яблыкі і дзякуеш Расіі.