ісці

тлумачэнне слова:

  ісці, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; прошлы час ішоў, ішла, ішло; загадны лад ідзі; незакончанае трыванне
    1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:
     а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;
    б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім-н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.
    в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды-н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. ▪ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль-н. куды-н. Чай ідзе з Каўказа. ▪ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.
    2. у што, на што або з інфінітыў Накіроўвацца, адпраўляцца куды-н. з якой-н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. ▪ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // пераноснае значэнне размоўнае слова Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.
    3. пераноснае значэнне Прыступаць да якой-н. службы, дзейнасці; уступаць куды-н., рабіцца кім-н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. ▪ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.
    4. пераноснае значэнне Рухацца, развівацца ў якім-н. напрамку. Ісці да камунізма. ▪ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. ▪ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // размоўнае слова Мець якія-н. вынікі, паказчыкі ў чым-н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. ▪ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго-н.; наследаваць каму-н., далучацца да чыіх-н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.
    5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З'яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. ▪ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. ▪ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з'явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.
    6. Набліжацца, з'яўляцца адкуль-н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // пераноснае значэнне Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.
    7. размоўнае слова Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.
    8. пераноснае значэнне Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія-н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. ▪ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.
    9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе-н. Дарога ішла лесам. ▪ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго-н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім-н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго-, чаго-н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.
    10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. ▪ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.
    11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. ▪ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.
    12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.
    13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім-н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.
    14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. ▪ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п'есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. ▪ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.
    15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго-н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914-1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.
    16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго-н., згаджацца на што-н. Ісці на кампраміс.
    17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго-н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. ▪ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. ▪ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».
    18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.
    19. размоўнае слова Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.
    20. (часта з адмоўем). размоўнае слова Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.
    21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.
    22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.
    23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што-н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.
    24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. ▪ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.
    25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што-н., пускацца ў што-н. Ісці ў скокі.
    26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. ▪ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.
    27. за каго, што. размоўнае слова Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што-н., з'яўляцца добрай заменай чаго-н. Чорны хлеб ідзе за пірог.
    28. размоўнае слова Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.
    •••
    Галава ідзе кругам глядзі галава.
    Далей (ісці) некуды глядзі некуды.
    З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.
    Ідзіце здаровы — развітальны выраз.
    Ісці міма рук — не даставацца каму-н.
    Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.
    Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго-н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго-н.
    Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.
    Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму-н., спачувальна адносіцца да каго-, чаго-н.
    Ісці на той свет — паміраць.
    Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.
    Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.
    Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.
    Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.
    Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго-н.
    Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.
    Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.
    Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.
    Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.
    Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.
    Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што-н. іншае.
    Ісці ў касе — касіць.
    Ісці ў нагу з кім-чым дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім-н., у адпаведнасці з кім-, чым-н.
    Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.
    Ісці ўразрэз з чым рэзка разыходзіцца з чым-н., супярэчыць чаму-н.
    Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.
    Кусок у горла не ідзе глядзі кусок.
    Мароз па скуры (па спіне) ідзе глядзі мароз.
    Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.
    Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што-н., думаць пра што-н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што-н.
    Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.
    Не ісці далей — спыніцца на чым-н., абмежавацца чым-н.
    (Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім-, чым-н.
    Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (глядзі хадзіць).



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com