калі

тлумачэнне слова:

  калі1, прыслоўе
    1. пытальнае. У які час?, якую пару? Калі можна зайсці да вас? Калі ж ты прыехаў? // У рытарычных пытаннях і клічных зваротах. — І калі ты ўжо сур'ёзным чалавекам станеш? Лынькоў.
    2. часавае. У які час. — Калі адбудзецца сход? — Невядома калі.
    3. часавае. У будучым, няскора. Калі гэта яшчэ ён прыедзе! ▪ — Нам жа ў тэатр хутка. — О, калі той тэатр, паспееце. Кучар.
    4. азначальнае. Ужываецца як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часціцай «вось»). Вось калі табе трэба было зайсці.
    5. неазначальнае. Калі-небудзь. Ці ж бачылі вы калі гэта?
    6. неазначальнае. Часам, час ад часу. Заходзь калі да нас. // Пры проціпастаўленні двух сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага з іх (калі... калі...) абазначае: парой, часам. Калі сыты, калі галодны.
    7. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы назоўніку галоўнага сказа, які абазначае пэўны прамежак часу. Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Колас. Быў аднак час, калі Тодар хадзіў, спусціўшы свой задзірысты нос. Крапіва; б) падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ выказніку галоўнага сказа. [Караневіч (Наталлі):] Я не ведаю, калі буду вольны. Крапіва; в) злучае даданыя дзейнікавыя сказы з выказнікам галоўнага сказа. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з завода ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Гартны.
    •••
    Ёсць калі! (фамільярнае слова) — няма часу, некалі.
    Калі яшчэ — пра даўно мінулае або няпэўнае будучае. Калі яшчэ тое было. Калі яшчэ тое будзе.
    Няма калі — няма часу, некалі (рабіць што-н., займацца чым-н. і пад.).
    Рэдка калі — вельмі рэдка.
  калі2, злучнік
    1. Ужываецца ў пачатку даданага сказа часу (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «тады», «то» і інш.) і выражае: а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; абазначае: у той час як. Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Колас; б) паслядоўнасць дзеяння; абазначае: пасля таго як. Упусціла паводдзе старое, Калі вір маладога нахлынуў. Трус. Калі Якуб падаў Вольцы руку, яна трохі засмучана яму ўсміхнулася. Крапіва; в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.). Бацькі заўсёды былі вельмі рады, калі Ксаня з мужам і дзіцем прыязджалі часам летам да іх у госці. Лынькоў. Бывала, калі .. Цімошка гнаў каровак на пашу, то Кустрэй.. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас.
    2. Ужываецца ў пачатку даданага сказа рэальнай умовы (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «то», «дык», «тады» і інш.); абазначае: пры ўмове, калі...; у (тым) выпадку, калі... Калі паэт Сваёй эпохай дыша, — Паэзію яго Усхваляць пакаленні. Чарот. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. // (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў даданым сказе ўмовы, які выражае пажаданую, уяўную або процілеглую рэальнасці ўмову. Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Колас. // Ужываецца ў пабочных і ўстаўных сказах з адценнем умоўнасці, уяўнасці. Калі праўду казаць, я не любіў хадзіць у Багульнікі, хоць там бабулька Ганна мяне частавала варэннем. Сабаленка. Ад Астапавай леснічоўкі да бальніцы, Калі ісці наўпрост праз лес, было кіламетраў дзевяць альбо дзесяць. Лынькоў.
    3. Ужываецца ў пачатку сказа, у якім ёсць супастаўленне або проціпастаўленне з другім сказам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Колас.
    4. (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі «і», «а»). У пачатку даданага сказа з аслабленай умоўнасцю ўжываецца для выражэння катэгарычнага сцверджання, каб падкрэсліць што-н., звярнуць увагу на што-н. Яму нічога больш было не трэба, І калі б ён цяпер што і хацеў, Дык гэта — лусту матчынага хлеба. З. Астапенка.
    5. (у спалучэнні з часціцамі «і», «ж», «нават»). Ужываецца ў значэнні ўступальнага злучніка ў даданым уступальным сказе. Зусім змяніўся стары бондар Сымон... Калі і раней ён быў не з гаваркіх, дык цяпер учуць ад яго якое-небудзь слова было ў вялікую навіну. Лынькоў. Калі ж і цяпер ён, Сцёпка Мякін, шаптаў супраць калгасаў, дык рабіў гэта значна асцеражней. Брыль.
    6. Ужываецца ў пачатку даданага сказа, што выражае прычыну, якой абумоўлена дзеянне галоўнага сказа. Трэба было ісці ў такую [вячэрнюю] школу, калі лепшай не было. Чорны. // Ужываецца ў пачатку даданага сказа, які паказвае на прычыну, што з'яўляецца асновай сцверджання, выражанага ў галоўным сказе (пры наяўнасці проціпастаўлення паміж прадметамі, асобамі, аб якіх гаворыцца ў абодвух сказах). Калі ўжо ты змог гэта зрабіць, то і я змагу.
    7. Падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ галоўнаму. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.
    8. у значэнне часціцы (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў пачатку клічнагасказа для выражання моцнага жадання. Ах, калі б гэта збылося!
    •••
    Калі (б) ні — кожны раз як. Калі ні прыйдзеш, ён чытае.
    Калі ласка глядзі ласка.
    Калі на тое пайшло (у значэнне пабочнае слова) — калі так трэба, раз справа датычыцца... Калі на тое пайшло, дык ён можа паказаць Васільку такое, што таму і не снілася. Лынькоў.
    Калі хочаш (хочаце) (у значэнне пабочнае слова) — магчыма, можа здарыцца. Лявон дома .. застаўся, чытаў кнігу. «Не, нешта не лезе ў галаву чытанне: Чортава дзеўка, зачаруе, калі хочаш, мяне. Х-ха-ха!» Галавач.
    Калі што якое глядзі што.
    Ні калі было ні калі будзе — тое, што мае адбыцца, было або вельмі даўно або будзе яшчэ вельмі няскора.
    Што, калі?.. — а раптам (пра надыход чаго-н. небяспечнага, непажаданага). А што, калі пра гэта даведаюцца?
    Што, калі б?... — зварот у значэнні нерашучай просьбы, асцярожнага запытання. — А што, калі б і нам падацца ў лес замест бежанства? Якімовіч.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com