тлумачэнне слова:
каціцца1, качуся, коцішся, коціцца; незакончанае трыванне 1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што-н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з'язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // пераноснае значэнне размоўнае слова Апускацца, станавіцца горшым у якіх-н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль. 2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // пераноснае значэнне Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // пераноснае значэнне Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // пераноснае значэнне Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў. 3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля. 4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // пераноснае значэнне Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч. 5. загадны лад каціся (каціцеся). размоўнае слова Ідзі (ідзіце) адсюль. каціцца2, коціцца; незакончанае трыванне Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com