лезці

тлумачэнне слова:

  лезці, лезу, лезеш, лезе; прошлы час лез, -ла; загадны лад лезь; незакончанае трыванне
    1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. ▪ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.
    2. Забірацца куды-н., у што-н., пранікаць унутр чаго-н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды-н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. ▪ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што-н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што-н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды-н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // пераноснае значэнне Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.
    3. Пранікаць, уваходзіць куды-н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.
    4. Забірацца рукой унутр чаго-н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.
    5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. ▪ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.
    6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // пераноснае значэнне Настойліва ўзнікаць, з'яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.
    7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.
    8. пераноснае значэнне размоўнае слова Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды-н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. ▪ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // неадабральнае Умешвацца (у чыё-н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым-н. да каго-н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.
    9. размоўнае слова Імкнуцца стаць, зрабіцца кім-н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. ▪ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.
    10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.
    11. размоўнае слова Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.
    •••
    Аж вочы на лоб лезуць глядзі вока.
    З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго-н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.
    Кусок (кавалак) у горла не лезе глядзі кусок.
    Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што-н. небяспечнае для жыцця.
    Лезці (перціся) на ражон — рабіць што-н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.
    Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.
    Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.
    Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму-н. працаваць, займацца чым-н.
    Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.
    Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.
    Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго-н. (часта беспадстаўна).
    Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.
    Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым-н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.
    Лезці ў галаву — неадчэпна з'яўляцца ў памяці.
    Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые-н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.
    Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.
    На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.
    Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (глядзі ісці).
    Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.
    Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.
    У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з'есці што-н.
    Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што-н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Думаеце, што вы нікому не патрэбны? Паспрабуйце легчы спаць днём — вам патэлефануюць УСЕ. Нават незнаёмцы.