падняцца

тлумачэнне слова:

  падняцца, -німуся, -німешся, -німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; прошлы час падняўся, -нялася, -нялося; загадны лад падніміся і падыміся; закончанае трыванне
    1. Перамясціцца куды-н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.
    2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго-, чаго-н. Шлагбаум падняўся. ▪ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // пераноснае значэнне Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.
    3. З'явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым-н., стаць відным на фоне чаго-н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым-н., вышэй чаго-н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.
    4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // пераноснае значэнне размоўнае слова Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, 3 смалярні выйсці. Танк.
    5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп'я чародка маладых цыранак. Бажко. // пераноснае значэнне Перайсці да якіх-н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.
    6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.
    7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб'ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. ▪ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // пераноснае значэнне Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // пераноснае значэнне Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.
    8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што-н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // пераноснае значэнне Стаць больш бадзёрым (пра настрой).
    •••
    Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.
    Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца глядзі рука.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com