паказаць

тлумачэнне слова:

  паказаць, -кажу, -кажаш, -кажа; закончанае трыванне
    1. каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго-, што-н., азнаёміцца з чым-н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. ▪ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі. Чорны. Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі. Лынькоў. // Прадэманстраваць перад кім-н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус. // Азнаёміць з чым-н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку. Даніленка. // Даць каму-н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару. // Прад'явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск. Якімовіч.
    2. што, на каго-што і без дапаўнення Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю-н. увагу на каго-, што-н. Паказаць дарогу на станцыю. ▪ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла. Пальчэўскі. — Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах. Шчарбатаў. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль. // пераноснае значэнне Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях. Глебка.
    3. што і з даданы сказ сказам. Растлумачыць, навучыць каго-н. рабіць што-н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. ▪ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары. Ляўданскі. // Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.
    4. што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія-н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Колас. [Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць. Глебка. // Дабіцца якіх-н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.
    5. што і з даданы сказ сказам. Апісаць, расказаць пра каго-, што-н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж. Колас. // Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Бярозкін.
    6. што і з даданы сказ сказам. Выявіць, раскрыць што-н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. ▪ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі. Г. Кісялёў. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Шамякін. // З'явіцца сведчаннем чаго-н.; даць падставу для якога-н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша... Кавалёў. // Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек. Колас.
    7. што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія-н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. ▪ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Шыцік.
    8. з даданы сказ сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было. Мікуліч.
    9. каму. размоўнае слова Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую-н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей. Колас. — Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад. Якімовіч.
    •••
    Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (глядзі падаць).
    Паказаць вочы — паявіцца дзе-н.
    Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго-н.
    Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (глядзі даць).
    Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.
    Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.
    Паказаць на дзверы каму прапанаваць каму-н. выйсці.
    Паказаць прыклад — паслужыць узорам.
    Паказаць пяткі — хутка ўцячы.
    Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.
    Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.
    Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся... Жычка.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com