перайсці

тлумачэнне слова:

  перайсці, перайду, пяройдзеш, пяройдзе; прошлы час перайшоў, -шла, -шло; загадны лад перайдзі; закончанае трыванне
    1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца, пераправіцца цераз што-н., на процілеглы бок чаго-н. Перайсці вуліцу. Перайсці цераз раку. ▪ «Не пайду ў сталовую, перакушу тут», — вырашыў Косця і перайшоў трамвайную лінію. Адамчык. Паласа рэчкі прыпыніла белых, і тады стала ясна, што калі яны пяройдуць на гэты бок, то пойдуць наперад на многа вёрст. Чорны.
    2. што. Прайсці якую-н. адлегласць, прастору. Да цэха было зусім блізка: перайсці скверык, .. перабегчы чорную, як пасыпаную вугалем, дарогу — і цэх. Карпаў. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Крапіва. Падаліся хлопцы з дзяўчатамі. Пяройдуць выган, ускараскаюцца на дамбу і там танцы пачнуць. Б. Стральцоў. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прымаўка. // што. Размясціцца, распаўсюдзіцца, перасякаючы якую-н. лінію, прастору. Гэтым месцам да самай шашы падступаў лес, і, здавалася, далёка наперадзе ён зусім перайшоў дарогу. Пташнікаў.
    3. Перамясціцца з аднаго месца на другое. Перайсці ў другі пакой. Перайсці з залы ў залу. ▪ [Камандзір] пераплыў цераз Нёман і з ходу загадаў.. перайсці трошкі направа. Брыль. [Максім і Вера] перайшлі ў кабінет, запалілі верхняе святло і селі на канапу. Карпаў. // Змяніць месца свайго жыхарства, знаходжання. Перайсці на другую кватэру. ▪ Люба некалькі разоў парывалася ўстаць і сказаць старым аб сваім намеры перайсці да бацькоў. Васілевіч. [Тарэнта:] — Ён заўтра да цябе пяройдзе. Я сказаў яму, што больш трымаць яго не буду, няма на чым. Галавач. // Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы, змяніць месца службы, заняткаў. Усё ён рабіў усур'ёз, акуратна. Толькі вялікай радасці ад той работы ў яго не было... Зразумела, чаму з такой ахвотай перайшоў аграном з канторы МТС у калгас. Бялевіч. — Я тутэйшы калгасны каваль. Быў раней у тым калгасе, за лесам, а цяпер сюды перайшоў, тут каваля не было. Чорны. // Скончыўшы які-н. клас, курс, стаць навучэнцам, студэнтам наступнага класа, курса. Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў. Скончылі першы клас, перайшлі ў другі. Маўр.
    4. Пакінуўшы каго-, што-н., прымкнуць, далучыцца да каго-, чаго-н. другога. На бок рэвалюцыйных рабочых перайшлі войскі Петраградскага гарнізона. «Весці». // Прыняць другое веравызнанне. Гэты вёрткі, танклявы мужчына служыў калісьці ў панскім войску капралам, дзеля чаго нават і перайшоў на католіка. Брыль.
    5. Дастацца каму-, чаму-н. ад каго-, чаго-н., стаць чыёй-н. уласнасцю. Улада перайшла ў рукі рабочых і сялян. ▪ Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы псалтыр, які перайшоў да яго ў спадчыну ад.. дзеда. Бядуля. У паасобных мясцінах зямля перайшла да сялян без выкупных плацяжоў. «ЛіМ». // Апынуцца ў складзе чаго-н., у распараджэнні каго-н. іншага. У беларускую мову перайшло многа слоў з рускай і польскай моў. // Перадацца ад аднаго да другога; распаўсюдзіцца на іншых. Здавалася, што ленінская воля І сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў. Грахоўскі.
    6. Скончыўшы, пакінуўшы адно, пачаць другое. Перайсці да абмеркавання наступнага пытання парадку дня. ▪ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталізм, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы тым, што цвёрда верылі ў сялянскую рэвалюцыю. Ларчанка. Як кожны вечар, пасля дзённых турбот, гутарка .. [хлопцаў] перайшла да хатніх спраў. Маўр. // Прыняць іншы напрамак, пераключыцца на што-н. іншае. Перайсці на гаспадарчы разлік. Перайсці на шматпольную сістэму земляробства. // ад чаго да чаго. Пазбавіўшыся ад аднаго пачуцця, стану, пачаць адчуваць другое. Ад злосці і лаянак Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі. Бядуля.
    7. Змяніць спосаб, характар дзеяння, пачаць дзейнічаць іначай. Перайсці ад абароны ў наступленне. ▪ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Пачаць гаварыць, пісаць і пад. па-іншаму. Матка зірнула на гэта зусім проста, а потым адразу нейк перайшла на сур'ёзны тон. Колас. Рыбакоў .. працягнуў [сержанту] каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, і адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Мележ. // Перамяніць умовы існавання, працы. Перайсці на малочную дыэту. Перайсці на нелегальнае становішча.
    8. у што. Паступова мяняючыся, ператварыць ў што-н. іншае, стаць другім. Колькасць перайшла ў якасць. Дождж перайшоў у снег. ▪ З часам вясна непрыкметна перайшла ў лета. Адцвілі сады. Даніленка.
    9. што і без дапаўнення размоўнае слова Мінуць месца заходу, павароту, прыпынку. Каровы перайшлі свой двор.
    10. размоўнае слова Кончыцца, мінуцца (пра час). Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.
    11. размоўнае слова Выйсці за які-н. колькасны рубеж. Гарасіму Жураўскаму перайшло за пяцьдзесят. Чарнышэвіч.
    12. размоўнае слова Прайсці дзе-н. вялікай колькасцю. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло... шмат народу. Колас.
    13. пераноснае значэнне размоўнае слова Уступіць, ахвяраваць што-н. каму-н. Няхай лепш маё пяройдзе.
    •••
    Перайсці (перабегчы) дарогу каму — захапіць, перахапіць тое, на што разлічваў іншы.
    Перайсці Рубікон — прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com