перакінуць

тлумачэнне слова:

  перакінуць, -ну, -неш, -не; закончанае трыванне, каго-што.
    1. Кінуць што-н. цераз каго-, што-н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што-н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую-н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. ▪ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // пераноснае значэнне Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго-н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.
    2. Закінуць далей, чым трэба.
    3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці па другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».
    4. Палажыць што-н. упоперак чаго-н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. ▪ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // пераноснае значэнне Пралажыць, пракласці што-н. над чым-н., цераз што-н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.
    5. размоўнае слова Рэзка перавярнуць што-н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.
    6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што-н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.
    7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.
    8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com