рука

тлумачэнне слова:

  рука, -і, ДМ -руцэ; множны лік рукі, рук, жаночы род
    1. Верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў. [Гаспадыня] прысеўшы на кукішкі, накладала сабе на руку пасечаныя Валодзем дровы. Арабей. // Гэтая ж канечнасць ад запясця да канца пальцаў; кісць. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. — Дзякую, — сказаў Бярозін і шчыра паціснуў руку Шусту. Шчарбатаў. // Пярэдняя канечнасць у малпы. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Аднойчы ранкам непадалёку ад нас падняў у неба сваю магутную руку вежавы кран. Гарбук. З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак. Танк.
    2. Верхняя канечнасць чалавека як прылада працы. — Вы ў такім стане, што я не магу вам дазволіць рабіць аперацыю. Для гэтага патрэбна спакойная рука... Шахавец. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. // След, вынік чыёй-н. дзейнасці. Ва ўсім адчувалася вока і руплівая рука добрага гаспадара. «Беларусь». Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку. Мурашка.
    3. толькі множны лік (рукі, рук). Людзі, якія выконваюць работу; рабочая сіла, работнікі. А лішнія калгасныя рукі паехалі на зарабаткі. Баранавых. Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі. Колас.
    4. толькі адзіночны лік Манера пісьма, почырк; стыль. І ў тым і ў другім творы відаць рука аднаго аўтара. Шкраба.
    5. пераноснае значэнне Пра чалавека, краіну і пад., як уладу над кім-н., як уладальніка чаго-н. [Тапурыя:] — Пакутаваў бы ты пад гаспадарскай рукой да старасці год. Самуйлёнак. Хата стаяла тая ж самая і на тым жа месцы, але людзі, якія цяпер жылі ў ёй — маці Ціхамірава прадала хату, як сабралася ехаць гады праз два пасля вайны ў Сібір, — не ведалі Ціхаміра, бо гэта былі ўжо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук. Чыгрынаў.
    6. Ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, а таксама з азначэннямі «правая», «левая», ужываецца ў значэнні: старана, бок. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі. Колас. З правай рукі, на поўдні, грымела таксама. Брыль.
    7. пераноснае значэнне Ужываецца для абазначэння ўласцівасці і якасці характару чалавека. Жалезная рука. Цвёрдая рука. ▪ Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам, да таго ж у старшыні ў раёне была шчодрая рука. Дуброўскі.
    8. толькі адзіночны лік размоўнае слова Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму-н. [Таркайла:] — З'явіліся нейкія людзі.. Заб'юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце... Караткевіч. — Што яму, пану, зробіш? Ён дзе ні пайшоў — усюды ў яго свая рука... Якімовіч.
    9. толькі адзіночны лік Ужываецца ў некаторых спалучэннях у значэнні: згода на шлюб з кім-н. Калі будавалася [Міхаліна], не было адбою ад леснікоў і шафёраў: кожны халасты прапаноўваў сваю руку, угаворваў выйсці замуж. Ракітны. Прыйшоў не насмяяцца, а прасіць яе [Раісы] рукі. Гроднеў.
    10. У вінавальным склоне адзіночны лік л. з прыназоўнік «пад» і азначэннем. Азначае стан, настрой і пад. Пад гарачую руку. Пад п'яную руку.
    •••
    Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.
    Абедзвюма рукамі трымацца глядзі трымацца.
    Абедзвюма рукамі ўхапіцца глядзі ухапіцца.
    Абы з рук — абы-як, недабраякасна (рабіць што-н.).
    Адбівацца рукамі і нагамі глядзі адбівацца.
    Адбіцца ад рук глядзі адбіцца.
    Адваліліся рукі — прапала ахвота (што-н. рабіць).
    Адмахвацца рукамі і нагамі глядзі адмахвацца.
    Ад рукі — рукой (пісаць, чарціць і пад.).
    Ад рук і ног адстаць глядзі адстаць.
    Апусціць рукі глядзі апусціць.
    Астацца без рук глядзі астацца.
    Без рук — не дакранаючыся; не б'ючы.
    Без рук, без ног — а) ляжаць нерухома, не валодаючы ні рукамі, ні нагамі; б) быць вельмі стомленым пасля доўгай хады, цяжкай працы і пад.
    Браць (узяць) голымі рукамі глядзі браць.
    Браць ногі ў рукі глядзі браць.
    Браць (узяць) сябе ў рукі глядзі браць.
    Браць (узяць) у рукі каго-што глядзі браць.
    Валіцца з рук глядзі валіцца.
    Выпусціць з рук глядзі выпусціць.
    Выпусціць лейцы з рук глядзі выпусціць.
    Вялікай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якой-н. якасці.
    Гаварыць у руку глядзі гаварыць.
    Глядзець з рук каго або чыіх глядзі глядзець.
    Грэць рукі глядзі грэць.
    Гуляць па руках глядзі гуляць.
    Даць волю рукам глядзі даць.
    Даць (сунуць) у руку глядзі даць.
    Дзіравыя рукі — пра няўмелага, нязграбнага чалавека, у якога ўсё валіцца з рук.
    Доўгія рукі ў каго — аб тым, хто мае схільнасць да кражы.
    Забраць у свае рукі глядзі забраць.
    Заламаць рукі глядзі заламаць1.
    Залатыя рукі — а) пра чые-н. умелыя рукі. Інструментаў у .. [кузні] было мала, але рукі ў каваля былі залатыя, і неабходны інструмент ён рабіў сам. Машара; б) пра ўмелага, дзелавітага чалавека. [Сіман:] Добра, — Цябе я знаю: залатыя рукі. Клімковіч.
    Запусціць руку глядзі запусціць1.
    Збыць з рук глядзі збыць.
    Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму глядзі звязаць.
    З голымі рукамі — без усялякай зброі; нічога не маючы ў руках.
    З другіх (трэціх) рук — праз пасрэднікаў (атрымаць, даведацца і пад.).
    Злажыць рукі глядзі злажыць.
    З лёгкай рукі чыёй — пра чыё-н. удалае пачынанне, прыклад.
    З-пад рук — у час патрэбы (браць, хапаць у каго-н.).
    З першых рук — непасрэдна ад каго-н., без пасрэднікаў (атрымаць, уведаць і г. д.).
    З пустымі рукамі — нічога не маючы пры сабе; нічога не атрымаўшы, не дастаўшы (з'явіцца, прыйсці, апынуцца, вярнуцца і інш.).
    З рук — не ў магазіне (купіць, прадаць і інш.).
    З рукамі адарваць глядзі адарваць.
    З рукамі і нагамі — ахвотна, з прыемнасцю.
    З рук вон глядзі вон.
    З рук не выпускаць чаго глядзі выпускаць.
    З рук у рукі — непасрэдна каму-н., ад аднаго другому (аддаць, здаць).
    (І) карты ў рукі каму глядзі карта.
    Ірваць з рук глядзі ірваць1.
    Ісці міма рук глядзі ісці.
    Ісці рукою глядзі ісці.
    Караючая рука каго-чаго (высокі стыль) — той (тое), хто (што) карае. Нехта сачыў за кожным крокам фашыстаў і ўмела накіроўваў караючую руку народных мсціўцаў. Мяжэвіч.
    Круціць рукі каму глядзі круціць.
    Ламаць рукі глядзі ламаць.
    Лезці пад рукі глядзі лезці.
    Лёгкая рука ў каго; лёгкі на руку — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.
    Лізаць рукі каму глядзі лізаць.
    Майстар на ўсе рукі глядзі майстар.
    Махнуць рукой на каго-, што-н. глядзі махнуць.
    Мець руку глядзі мець.
    Набіць (наламаць) руку глядзі набіць.
    На борздую (скорую) руку — паспешліва, хутка.
    Нагрэць (пагрэць) рукі глядзі нагрэць.
    Налажыць (накласці) на сябе рукі глядзі налажыць.
    Налажыць (накласці) руку па што глядзі налажыць.
    На руках чыіх, у каго а) пад апекай у каго-н., на ўтрыманні ў каго-н. (быць, знаходзіцца і г. д.). [Мігуцкі:] Даўно я вас не бачыў. [Гудовіч:] Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках. Крапіва; б) пад наглядам, пад адказнасцю. Уся ферма была на руках загадчыка; в) у чыім-н. карыстанні (быць, знаходзіцца і г. д.). Кніга паўгода была на руках.
    На рукі — каму-н. у асабістае распараджэнне (даць, выдаць, раздаць і г. д.).
    На руку — выгадна, зручна, супадае з чыімі-н. інтарэсамі.
    Насіць на руках глядзі насіць.
    На ўсю (поўную) руку — на ўсю сілу, моц.
    Не з рукі каму — а) нязручна, нявыгадна. Але ці гожа, ці прыстойна? Не — для дзяўчыны не з рукі. На крок адважыцца такі. Колас; б) не варта, не згадзіцца (рабіць што-н.). — Паляваць з беркутам на машыне — не з рукі казаху. Беразняк.
    Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) глядзі ведаць.
    Не ідзе ў руку глядзі ісці.
    Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.) рук глядзі мінуць.
    Не пакладаючы рук глядзі пакладаючы.
    Ні рук, ні ног — не магчы нічога рабіць.
    Ні рук, ні ног не чуць глядзі чуць.
    Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) глядзі зацяць.
    Нячысты на руку глядзі нячысты.
    Падаць з руктое, што і валіцца з рук глядзі валіцца.
    Падаць (працягнуць) руку дапамогі глядзі падаць.
    Падняць (узняць) руку на каго-што — глядзі падняць.
    Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым глядзі падпісацца.
    Пад рукамі (пад рукой) — блізка, так што можна дастаць, выкарыстаць (быць, знаходзіцца, мець і пад.).
    Пад руку — не да месца, замінаючы (гаварыць), калі хто-н. што-н. робіць.
    Пад руку (ісці і пад.) — абапіраючыся рукою на чыю-н. сагнутую ў локці руку або прытрымліваючы каго-н. рукою за локаць ці вышэй локця.
    Пайсці па руках глядзі пайсці.
    Паклаўшы руку на сэрца глядзі паклаўшы.
    Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму глядзі папасціся.
    Першай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якога-н. майстэрства, якой-н. якасці.
    Правая рука чыя першы памочнік.
    Прайсці праз рукі каго, чые глядзі прайсці.
    Прыбраць да рук глядзі прыбраць.
    Прылажыць (прыкласці) рукі да каго-чаго глядзі прылажыць.
    Прылажыць руку да чаго або пад чым глядзі прылажыць.
    Пэцкаць рукі глядзі пэцкаць.
    Работа (усё) гарыць у руках глядзі работа.
    Развесці рукі (рукамі) глядзі развесці.
    Развязаць рукі каму глядзі развязаць.
    Рука не задрыжыць у каго, чыя — хопіць смеласці, рашучасці, адвагі (зрабіць што-н.).
    Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца — не хапае рашучасці (зрабіць што-н.).
    Рука руку мые — аб адносінах людзей, калі яны пакрываюць дрэнныя ўчынкі адзін другога.
    Рука ў руку — а) узяўшыся за рукі; б) сумесна, дружна.
    Рукі адваліліся ў каго — надта стаміўся ад работы рукамі.
    Рукі апусціліся — прапала жаданне або здольнасць рабіць што-н.
    Рукі атрэсці глядзі атрэсці.
    Рукі кароткія — няма дастатковай магчымасці, права (зрабіць што-н.).
    Рукі не адваляцца — нічога не здарыцца з кім-н. ад таго, што ён выканае якую-н. работу.
    Рукі не дайшлі (не даходзяць) — не было часу, не выпадала, не хацелася.
    Рукі па нівах — па стойцы «смірна», з выцягнутымі ўдоўж тулава рукамі (стаяць, трымацца і г. д.).
    Рукі свярбяць у каго — а) на каго хочацца пабіцца. пабіць каго-н.; б) хочацца заняцца чым-н.
    Рукі ўгору! — загад каму-н. падняць рукі, каб пазбавіць магчымасці супраціўляцца.
    Рукой дастаць глядзі дастаць.
    Рукой падаць глядзі падаць.
    Скласці рукі глядзі скласці.
    Склаўшы рукі глядзі скласці.
    Сон у руку глядзі сон.
    Схапіць за руку глядзі схапіць.
    Сысці з рук глядзі сысці.
    Сядзець злажыўшы рукі глядзі сядзець.
    Сярэдняй рукі — сярэдні, нічым не вызначаецца па сваіх здольнасцях, становішчы і пад.
    Трапіць пад руку глядзі трапіць.
    Трымацца рукамі і зубамі глядзі трымацца.
    Трымаць лейцы ў руках глядзі трымаць.
    Трымаць сябе ў руках глядзі трымаць.
    У адны рукі — аднаму чалавеку (прадаваць, адпускаць і пад.).
    Узяць лейцы ў рукі глядзі узяць.
    Умыць рукі глядзі умыць.
    У руках каго, чыіх, у каго — а) у залежным становішчы (быць, знаходзіцца і г. д.); б) у нарыстанні, у распараджэнні каго-н. (быць, знаходзіцца і г. д.).
    У рукі плыве глядзі плысці.
    У рукі просіцца глядзі прасіцца.
    Усе козыры ў руках у каго глядзі козыр.
    Ухапіцца абедзвюма рукамі за што глядзі ухапіцца.
    Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі глядзі адсохнуць.
    Хоць рукамі бяры глядзі браць.
    Цягнуць руку чыю, каго глядзі цягнуць.
    Цяжкая рука; цяжкі на руку — а) пра таго, хто моцна і балюча б'е; б) пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.
    Чужымі рукамі — не самастойна, выкарыстоўваючы працу, энергію, сілы і пад. іншых.
    Чужымі рукамі жар заграбаць глядзі заграбаць.
    Як без рук без каго-чаго — бездапаможны без каго, чаго-н.; не быць у стане што-н. зрабіць без каго-, чаго-н.
    Як рукой зняло глядзі зняць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com