саступіць

тлумачэнне слова:

  саступіць, -ступлю, -ступіш, -ступіць; закончанае трыванне
    1. Пакінуўшы якое-н. месца, перайсці на іншае; адысці ўбок. У той меры, у якой Мішурын зрабіў свой першы рух, каб ісці, і чалавек хістануўся за ім, але з месца не саступіў. Чорны. Нечаканы сігнал машыны перапыніў іх гаворку. [Леў Раманавіч і Вера] саступілі на абочыну. Асіпенка. [Трацюк] таропка аглянуўся назад, быццам чакаючы, што яго нехта дагоніць на вузкай сцяжынцы і прымусіць саступіць у жыта. Кавалёў. // Сысці з чаго-н., спусціцца. Дзед санліва, з асцярогаю саступіў з ганка. Мележ. [Немец] вяла саступіў з прыступак і сеў. Быкаў.
    2. што і чаго. размоўнае слова Добраахвотна адмовіцца ад каго-, чаго-н., аддаўшы, перадаўшы што-н. каму-н. іншаму. [Сцяпан:] — Вася, будзь чалавекам, саступі мне сваю змену. Пянкрат. [Віктар:] — Я вам саступлю права мыць сёння посуд. Савіцкі. // Вызваліць сваё месца (на якім можна сядзець, ляжаць) для каго-н. іншага. [Дзяўчынка:] Табе, Мікола, праз хвілінку, Напэўна, месца давядзецца саступіць: Глядзі, бабулька да аўтобуса бяжыць. Корбан. [Бабуля:] — Малады чалавек, саступі месца старому. Якімовіч. // Пакінуць, здаць ворагу якое-н. месца, пазіцыю. Мы сціснулі зубы да болю І клятву Радзіме далі, Што ворагу-хціўцу ніколі Сваёй не саступім зямлі. Астрэйка. І голас краіны рабочай дамчыцца з бяскрайняе далі: — Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі. Дудар.
    3. размоўнае слова Паддацца сіле, націску; перастаць супраціўляцца. Стогнучы ад болю,.. [Сцяпан і Васіль] цягалі адзін аднаго за валасы, і ніхто не хацеў саступіць другому. Каліна. Сядзеў [Янкель], пакуль не давялося саступіць сіле. Карпюк. // Пайсці на ўступкі адпаведна патрабаванням, пажаданням іншых. Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. Потым ужо [Хадоська] падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку. Мележ. Я натурай — памяркоўны. У спрэчкі ўступаць не люблю.. Па-мойму, такому, у каго язык лёгка падвешаны ў роце, лепей саступі. Грамовіч.
    4. (звычайна з адмоўем). Не вытрымаць параўнання з кім-, чым-н., аказацца горшым у якіх-н. адносінах. Дачка — лётчыца, другая, праўда, яшчэ пешкі пад стол ходзіць, не саступіць старэйшай. Гурскі.
    5. што. Прадаючы, згадзіцца аддаць танней вызначанай цаны. [Цётка да Ганны:] — Колькі ты аддала за шлюбную сукенку? Калі крыху саступіш, я магу ўзяць у залік твайго доўгу. Дубоўка. [Анісім Панок:] — Яно-то канешне, можна б і саступіць трохі, каб гэта які другі конь. А за гэтага дык не хачу, як той казаў, і граха на душу браць, і так аддаю табе за паўцаны. Сабаленка.
    •••
    Саступіць дарогу (з дарогі) — а) адысці ўбок, даўшы месца для праходу, праезду. Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу. Хомчанка; б) пайсці на ўступкі каму-н. [Грыгор'еў:] — Найшла ў вас каса на камень, і адно аднаму дарогу саступіць не хочаце. Кірэйчык; в) даць магчымасць дзейнічаць, вылучыцца ў якой-н. галіне. Адна з іх [актрыс] ужо саступіла дарогу маладым. «Работніца і сялянка».
    Саступіць з (свайго) шляху — адмовіцца ад вызначанай мэты, задач і пад., здрадзіць ранейшым матам. [Кубяк:] — Мы добра ведаем, што і вам і нам даў Кастрычнік, і мы не саступім, таварышы, са шляху нашай з вамі рабочай, пралетарскай дружбы. Брыль.
    Саступіць месца чаму — замяніцца чым-н. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка. Чорны. Бескарыслівасць [Гарасіма] пад старасць саступіла месца сквапнасці. Чарнышэвіч.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com