слова

тлумачэнне слова:

  слова, -а, ніякі род
    1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з'яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. ▪ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.
    2. толькі адзіночны лік Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. ▪ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.
    3. (адзіночны лік у тым жа значэнне, што і множны лік). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.
    4. толькі адзіночны лік Рашэнне, думка чыя-н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.
    5. толькі адзіночны лік Абяцанне зрабіць, выканаць што-н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.
    6. толькі адзіночны лік Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую-н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.
    7. толькі множны лік (словы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой-н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. ▪ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.
    8. толькі адзіночны лік устарэлае слова, устарэлы выраз Літаратурны твор у форме аратарскан прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.
    •••
    Друкаванае слова — тое, што надрукавана.
    Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.
    Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.
    Адным словам — карацей кажучы.
    Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).
    Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.
    Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.
    Браць (узяць) слова глядзі браць.
    Браць (узяць) слова з каго глядзі браць.
    Браць (узяць) слова назад глядзі браць.
    Верыць (паверыць) на слова глядзі верыць.
    Гаспадар свайго слова глядзі гаспадар.
    Глытаць словы глядзі глытаць.
    Дар слова глядзі дар.
    Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што-н. сказанае, расказанае і пад.).
    Да слова сказаць глядзі сказаць.
    Даць слова глядзі даць.
    Двух слоў не звяжа глядзі звязаць.
    Жаваць словы глядзі жаваць.
    Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.
    Закінуць (замовіць) слова глядзі закінуць.
    Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.
    За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць глядзі лазіць.
    З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.
    З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.
    Кідацца словамі глядзі кідацца.
    Кідаць (пускаць) словы на вецер глядзі кідаць.
    Лавіць на слове (словах) глядзі лавіць.
    Лёгкі на слова глядзі лёгкі.
    Мець слова глядзі мець.
    Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.
    Набор слоў глядзі набор.
    На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).
    На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.
    Не абмовіцца (ні адным) словам глядзі абмовіцца.
    Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў глядзі магчы.
    Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што-н.).
    Па апошняму слову чаго у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.
    Памінаць (успамінаць) добрым словам глядзі памінаць.
    Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).
    Сказаць сваё слова глядзі сказаць.
    Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.
    Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).
    Слоў не хапае (не стае) глядзі хапаць.
    Слоў няма глядзі няма.
    Трымацца свайго слова глядзі трымацца.
    Трымаць слова глядзі трымаць.
    У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).
    У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).
    Успомніш маё слова глядзі успомніць.
    Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).
    Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго-н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.
    Шукаць слоў (слова) глядзі шукаць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com