служыць

тлумачэнне слова:

  служыць, служу, служыш, служыць; незакончанае трыванне
    1. Працаваць па найму ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-, чаго-н. А Андрэй Стронін думаў: — Што ў жыцці радаснага? Вось скончу я універсітэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамі, ноччу спаць, але што з гэтага? Чорны. На большае маці не магла разлічваць, бо яна служыла ў адным з універсальных магазінаў і зарабляла не так ужо багата. Лынькоў.
    2. Выконваць воінскія абавязкі, быць ваенным. — Вы дзе служылі? — спытаў .. [Лугавец] Міколу. — У трэцяй арміі, у дывізіі генерала Панова. Краўчанка. — Муж, — ахвотна адказала Вера. — Тады ён у кавалерыі служыў. Кулакоўскі.
    3. Выконваць абавязкі слугі, прыслугі. Якаў стаў у дзядзькі жыць, Дзядзьку парабкам служыць. Крапіва. У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак. Брыль.
    4. каму. Выконваць якія-н. абавязкі ў адносінах да каго-н., выконваць чыю-н. волю, падпарадкоўваючыся каму-н. І ёсць напэўна і шпікі, Што служаць пану паслухмяна. Колас. // Рабіць якія-н. паслугі каму-н. [Чарнавус:] Чым магу служыць? Крапіва.
    5. каму-чаму. Працаваць у імя каго-, чаго-н., быць адданым каму-, чаму-н. Служыць навуцы. ▪ [Алесь:] — Паклянёмся служыць народу, змагацца за яго лепшую долю. С. Александровіч. Хвядос Шынклер да апошняга дыхання служыў сваёй айчыне. Арабей. // Быць карысным каму-, чаму-н. І служаць людзям рэкі-сёстры — Амудар'я і Сырдар'я. Агняцвет. [Сіўцоў:] — Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за пераўтварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка.
    6. каму і без дапаўнення Выконваць сваё прызначэнне, сваю ролю. Пісалася мала, не служыла галава, дый рукі адмаўляліся. Лужанін. Штаны-ватнікі зіму служылі, яшчэ зіму паслужаць, вата ані нідзе не параз'язджалася і ў кучу не пазбівалася. Ермаловіч. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. // чым, для чаго. Прызначацца, выкарыстоўвацца для чаго-н. Застаўшыся адзін, Андрэй сеў на парожнюю скрынку, якая служыла яму зэдлікам. Скрыпка. Па сутнасці хата служыла.. [Калядку] толькі месцам адпачынку. Чарнышэвіч. Адушаўлёныя назоўнікі, якія служаць для абазначэння асоб, называюцца асабовымі. Граматыка.
    7. чым. Быць, з'яўляцца чым-н. Служыць прыкладам. ▪ Выглядам сваім і адзежай.. [хлапчукі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. Я агледзеўся, але ніякіх прыкмет, якія маглі б служыць арыенцірам, не знайшоў. В. Вольскі.
    8. што і без дапаўнення Выконваць, праводзіць набажэнства. Разы два-тры ў год аднекуль з-за Лашыч прыязджаў сюды старэнькі, увесь прапахлы ладанам і цвіллю поп і служыў перад бабулькамі абедню. Хадкевіч. [Маці] абазвалася: — Мусіць, біскуп.. служыў. Чорны.
    9. Стаяць на задніх лапах, падняўшы пярэднія (пра сабак).
    10. Размяшчацца пэўным чынам, быць у нейкім становішчы. Шапка ў.. [чалавека] служыла казырком набок. Чорны.
    •••
    Служыць верай і праўдай — служыць вельмі добра, аддана.
    Служыць двум багам — паводзіць сябе як двурушнік.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com