справа

тлумачэнне слова:

  справа1, -ы, жаночы род
    1. Работа, занятак; тое, чым хто-н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы. Колас. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. Краўчанка. Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў. Валасевіч. [Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. / якая; часта ў значэнне выказнік Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. ▪ Хіба жаночая справа дровы вазіць? Мележ. // звычайна множны лік (справы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. ▪ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Кулакоўскі. [Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах. Крапіва. / У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры. // Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго-н. Справа партызан была справай народа. Брыль. На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў. Анісаў.
    2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай. Гамолка. [Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай. Асіпенка. І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім. Глебка. // Вынік якой-н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць. Бачыла.
    3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце. Машара. // Карысны занятак. Ён заняты справай.
    4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся. Дуброўскі. Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах. Якімовіч. // каму да каго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго-, чаго-н. Яму да ўсяго ёсць справа. ▪ Нікому да Жоры справы не было. Гаўрусёў.
    5. Абавязак, доўг; кола чыіх-н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. ▪ Веданне з'яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка. Кудраўцаў. // чаго; у значэнне выказнік Тое, што залежыць ад чаго-н., мае адносіны да чаго-н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. ▪ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі. Самуйлёнак.
    6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. ▪ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год. В. Вольскі. [Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Крапіва. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы? Матрунёнак. // чаго. Усё, што ўваходзіць у якую-н. задачу, мае адносіны да якой-н. з'явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. ▪ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру. Маўр.
    7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога-н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. ▪ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд. У. Калеснік.
    8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. ▪ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію. Лобан.
    9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі. Колас. Гэтая справа ў раёне граніцы была. Куляшоў. Справа была вясной, перад вялікаднем. Чарнышэвіч. // размоўнае слова Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета. Васілевіч.
    10. размоўнае слова Становішча дзе-н., стан каго-, чаго-н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе. Мележ. Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору. Даніленка. // У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая. Шыцік.
    11. (у спалучэнні з прыметнікам) у значэнне выказнік Рэч, з'ява. Загінуць у баі — справа не мудроная. Гурскі. Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх. Янкоўскі.
    12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа. Агняцвет. Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць. Корбан. Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна. Колас.
    •••
    Асабовая справа — папка з дакументамі якой-н. асобы, што працуе ў дадзенай установе. Павераны ў справах глядзі павераны.
    Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.
    Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.
    Гіблая справа — нічога добрага не будзе.
    Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.
    Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.
    (І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго-н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Чарнышэвіч.
    Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.
    Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.
    Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.
    Мець справу з кім-чым глядзі мець.
    Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).
    На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п'яным, чым быў на самай справе. Чарнышэвіч.
    На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны. Панчанка.
    Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым-н.
    Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.
    Пакуль суд ды справа глядзі суд.
    Справа ідзе пра што (аб чым) размова ідзе пра што-н. (аб чым-н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка. Крапіва.
    Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг. Васілёнак.
    Такая справа — вось у чым справа.
    У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор. Гартны.
    Ясная справа — вядома, безумоўна.
  справа2, прыслоўе
    З правага боку; процілеглае злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы. Корбан. Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай. Смагаровіч.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com