страшны

тлумачэнне слова:

  страшны, -ая, -ае.
    1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. ▪ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у значэнне назоўнік страшнае, -ага, мужчынскі род З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. ▪ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.
    2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.
    3. размоўнае слова Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з'явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.
    •••
    Страшны суд глядзі суд.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com


twitter.com/skarnikby твітніца

На нязручныя пытанні прэзідэнт Беларусі прапаноўвае гарбату з малінавым варэннем. А прэзідэнт Расіі — з палоніем.