сухі

тлумачэнне слова:

  сухі, -ая, -ое.
    1. Не мокры, не прасякнуты вадою; не сыры. Сухая бялізна. ▪ Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі. Колас. Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч. Моцны вецер зрываў яшчэ зялёнае лісце, біў у шыбы сухім пяском. Ваданосаў. / у значэнне назоўнік сухое, -ога, ніякі род Пра вопратку. [Віця] хутка пераадзеўся ў сухое, з'еў спехам кавалак хлеба .. і сеў за стол рашаць задачы. Якімовіч. // Не потны. — У мяне конь сухі, — стрымана адказаў Багдан. Кулакоўскі. // Без вады, вільгаці на паверхні чаго-н., у чым-н. Вуліца сухая, ні лужынкі, ні гразі. Ермаловіч. Паплыве яна [рака] рэчышчам Новым зусім, А пясчанае дно яе Стане сухім. Куляшоў. Сухія былі вочы, Гарачыя ад роспачы. Бядуля. // З невялікай колькасцю вільгаці ў глебе або без яе. Пяскі сухія рунню зарунелі. Купала. Коні,.. перайшоўшы на рысь, пайшлі сухім лугам за Нёман. Брыль. Грэбля .. вяла праз вялікія .. балоты туды, дзе пачыналіся сухія землі. Самуйлёнак. Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараслі нізкарослых абамшэлых хвоек. Лынькоў. / у значэнне назоўнік сухое, -ога, ніякі род Пра сухое месца. Выбрацца на сухое. ▪ [Сімха:] Тут кладкі ёсць. Я зараз іх праверу, Калі дажджом не пазмывала часам, Праз пяць хвілін мы будзем па сухім. Глебка.
    2. Пазбаўлены вільгаці, з невялікай колькасцю вільгаці. Сухое паветра. Сухое памяшканне. ▪ Ад ракі павяваў сухі вецер. Савіцкі. З неба сыпаўся сухі калючы снег. Марціновіч. // З невялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Сухі клімат. ▪ Пагода стаяла сухая, з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч. Зіма была бясснежная, сухая і марозная. Танк.
    3. Прыгатаваны высушваннем; сушаны. Сухія фрукты. Сухія грыбы. Сухія чарніцы. Сухі таран. // Прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату. Сухое малако. Сухі кісель.
    4. Не вадкі. [Змітрок] хутка з'еў свой «сухі» полудзень і падышоў да станка. Ваданосаў. // Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць; чэрствы. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і грыз сухую скарынку. Зарэцкі.
    5. Пазбаўлены спажыўных сокаў, не жыццяздольны, засохлы, амярцвелы (пра расліны). Знайшлі .. зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль. Над вадой тырчаць, як скручаныя сударгай пальцы, сухія карэнні дрэў. Няхай.
    6. спецыяльны тэрмін Які праводзіцца, робіцца пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вільгаці, вадкасці. Сухі рамонт судна. Сухія метады кладкі. Сухая атынкоўка. // Які праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, біез вадкіх выдзяленняў (пра хваробы, фізіялагічныя працэсы). Сухі плеўрыт. Сухі кашаль. Сухія роды.
    7. Нішчымны, без нічога (пра хлеб). [Маці:] Небарака, сухі хлеб есць. [Скіба:] Малака б кубачак, то ён і не быў бы сухі. Крапіва.
    8. Які дрэнна жывіцца з-за недастатковага выдзялення тлушчу тлушчавымі залозамі (пра скуру, валасы). Сухія валасы.
    9. Які мае сухарлявы склад цела; хударлявы. Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік так чахаў молатам, што здавалася, сцены не вытрымаюць. Даніленка. // Вельмі худы, схуднелы. Ніяк нельга было ўявіць, што гэтая сухая бабуля ў падраным світэры — разважлівая і некалькі цвёрдая характарам цётка Антося. Карпюк. / Пра твар і пад. Змучаны, знерваваны загадчык .. з сухім бледным тварам сядзеў, як у шчыльна абложанай крэпасці. Колас. // Перасохлы. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі, бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы (пра канечнасці). Сухая рука.
    10. пераноснае значэнне Пазбаўлены душэўнага цяпла; няздольны праяўляць пачуцці. [Андрэй] вырашыў быць прынцыповым, а стаў прыдзірлівым, хацеў быць строгім, а стаў сухім. Шахавец. [Сяргей Аляксандравіч], здавалася, увесь быў у сваёй матэматыцы, сухі і лаканічны, як алгебраічная формула. Лобан. // Які сведчыць пра адсутнасць душэўнага цяпла, спагадлівасці. Сухі фармалізм. Сухая дзелавітасць. // Які выяўляе, выказвае намераную стрыманасць, халоднасць; непрыветны. Сухі тон. ▪ Толькі на трэці дзень .. [Анатоль] адпісаў Ізе. Пісьмо было кароткае, сухое. Пальчэўскі. Ідзі [Марына] ў кватэру, — сухім, чужым голасам загадаў .. [Міша]. Васілевіч. — Вон! — загадала .. [Зося]. Твар яе стаў сухі. Чорны.
    11. пераноснае значэнне Пазбаўлены эмацыянальнасці, жывасці; скупы і лаканічны. Сухі пераказ. Сухія інструкцыі. ▪ Паэты даволі сухіх публікацый! Прашу вас ад імя ўсіх юнакоў — Калі не кахаецца, то закахацца І скласці хоць пару гарачых радкоў. Панчанка. Была ў даследчыка яшчэ адна немалаважная асаблівасць: .. сухія архіўныя звесткі падабаліся так ярка і вобразна, што некаторыя старонкі ўспрымаліся як мастацкі твор. С. Александровіч. // Які мае адносіны да розуму, разліку, не закранае пачуццяў; вельмі рацыяналістычны. [Собіч:] — Далёкія ад нашай прафесіі людзі лічаць .. [бухгалтэрыю] сухой, нецікавай. Скрыган.
    12. Пазбаўлены гучнасці, меладычнасці, мяккасці (пра гукі). Сухі металічны лязг і скрогат ірваў паветра над ваколіцай. Якімовіч. Сухое чахканне матора аддалілася, а потым зусім заціхла. Алешка. // Рэзкі (пра бляск у вачах). Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.
    13. У выразе: сухі лік — азначае, што адзін з бакоў у працэсе гульні не набраў ні аднаго ачка. Прайграць матч з сухім лікам. / у значэнне назоўнік сухая, -ой, жаночы род Зрабіць сухую.
    •••
    Сухая перагонка глядзі перагонка.
    Сухі лёд глядзі лёд.
    Сухі паёк — прадуктовы паёк, які складаецца з круп, мукі, кансерваў або з прадуктаў-паўфабрыкатаў.
    Сухі туман, глядзі туман.
    Сухі тынк глядзі тынк.
    Сухія кармы глядзі корм.
    Сухое віно глядзі віно.
    Выйсці (выбрацца) сухім з вады глядзі выйсці.
    На сухі лес — падалей ад людзей, ад усяго жывога. Няхай .. [чытачы] цяпер парадуюцца з намі, што ты адужаў хваробу — няхай яна ідзе на сухі лес! С. Александровіч.
    Сухі закон глядзі закон.
    Сухога месца (рубца) няма на кім глядзі няма.
    Трымаць порах сухім глядзі трымаць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com