то

тлумачэнне слова:

  то1, злучнік пералічалька-размеркавальны.
    1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з'яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка. То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. Колас. Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі! Брыль. Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст. Лось. [Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час... Паслядовіч.
    2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема. Васілёнак. Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні. Пестрак. Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд. Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен. Парахневіч. — Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч. М. Ткачоў. Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў. Паўлаў. Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць. Лобан.
    3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома. Пальчэўскі. — Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька. Паўлаў. Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры. Колас. / У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся. Крапіва. — На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну. Брыль. [Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў. Чорны.
    •••
    А не то (дык) глядзі а2.
    А то глядзі а2.
    Ды і то глядзі ды1.
    І то — а) глядзі і3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца. Прыказка.
  то2, часціца.
    Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас. Крапіва. // У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына. Трус. Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына. Ваданосаў.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com