толькі

тлумачэнне слова:

  толькі, часціца, прыслоўе, злучнік.
    1. часціца вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго. Служыў салдат .. дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дамоў. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай. Якімовіч. Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай, Ірэнцы ўсяго два .. Калі памерла іх маці, Ірэнцы быў толькі годзік. Лось. Ты [Дзед Мароз] скажы нам толькі слова, Мы з табой на ўсё гатовы. А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцамі: «усяго», «адно». Алесь пазнаёміўся з .. [Макарам Сяргеевічам], калі браўся на партыйны ўлік. Тады перакінуліся ўсяго толькі некалькімі словамі. Шыцік.
    2. часціца абмежавальная. Не раней чым. Дадому Аня дабралася толькі пад вечар. Мележ. Спраўляючы свой карагод, Зямля вакол Сонца імчыцца І жджэ, але толькі праз год Яна прычакае гасцінца. Крапіва.
    3. часціца абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага. На плечы .. [стрэльбу] і — праз Дуброўку .. у Лаўскі лес ідзём, будзе там аблава на ваўкоў .. У той час я хацеў быць толькі паляўнічым. Бялевіч. Са сваімі мы трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. [Якаўлеў:] — Пераправу без рызыкі можна зрабіць толькі ў такую [навальнічную] ноч. Анісаў. / У спалучэнні з часціцамі: «хіба», «адно». [Дзямід:] — Небяспечны для .. [дзікоў] хіба толькі воўк ды рысь. В. Вольскі. Адно толькі віхор над ілбом, колькі я яго ні прыгладжваю, усё роўна круціцца на свой манер, нібы па ім от толькі што пахадзіў вецер і раскідаў валасы на ўсе бакі. Сабаленка. // (у спалучэнні з часціцай «што»). Больш нічога, акрамя гэтага. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Караткевіч.
    4. часціца ўзмацняльная (пры займенніках і прыслоўях звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб'ёме і пад. чаго-н. Каго там толькі не было! Чаго толькі дзеці не вытваралі! ▪ Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць. Баранавых. // Узмацняе ўяўленне аб пажаданасці, магчымасці якіх-н. з'яў. «Толькі каб сур'ёзна не [за]кахацца ў яе. Нешта ж бярэ-такі мяне за сэрца. І [за]кахаўся б, каб не была яна нашай парабчанкай», — разважаў з сабою Лявон. Галавач.
    5. прыслоўе Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога-н. дзеяння, наступленні якога-н. стану). Хлапчук толькі ўстаў з пасцелі. На дварэ яшчэ толькі развіднелася. ▪ — Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў. Каршукоў. / У спалучэнні з часціцамі: «толькі», «што». Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло па задні план. Гартны. Сонца толькі што схавалася за лесам. Асіпенка. На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан.
    6. злучнік супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі. Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Шамякін. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці. Чарнышэвіч. Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы. Брыль. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. / У спалучэнні са злучнікам «і». Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала .. чырвоныя вяргіні пад акном. Лынькоў. // Уваходзіць у склад супраціўных парных злучнікаў: «не толькі..., але (і)», «не толькі..., а (і)». Грукат тым часам мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, але, здавалася, пранік у глыб зямлі. Быкаў. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэту работу, а і выспацца паспею». Якімовіч.
    7. злучнік супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасць выступаючы ў значэнне аднак, але. Пахавалі Вандароўну У вянку і ў белі, Толькі думак украінцам Пахаваць не ўмелі. Купала.
    8. злучнік далучальны. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць папярэднія думкі. Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы, толькі хіба скажа часам, што чай прастыў, што яда прыгатавана нядобра, і то кажа не да Ніны, а ў жончын бок, а яна ўжо дапякала Ніну. Галавач.
    9. злучнік часавы. Ужываецца ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа. Толькі я лягу і вочы закрыю, бачу я вас прад сабой. Колас. [Якаў Радзівонавіч:] — Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямі аднекуль як секане! Краўчанка. // Уваходзіць у склад састаўных часавых злучнікаў: «як толькі», «ледзь толькі», «чуць толькі», «толькі што», «адно толькі», «абы толькі», якія ўжываюцца ў сказах з імгненнай зменай падзей. Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі, раскладаць агонь. Чарнышэвіч.
    10. злучнік умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са значэннем рэальнай умовы. Людзі табе дапамогуць, толькі сам рук не апускай. / Пры наяўнасці суадносных слоў «дык», «так» у галоўным сказе. [Надзя:] — Вось толькі краніце, дык так і плясну [талерку] аб падлогу. Крапіва.
    •••
    Адкуль толькі ногі ўзяліся; дзе толькі ногі ўзяліся глядзі нага.
    Адна толькі назва глядзі назва.
    Гэта яшчэ толькі кветачкі глядзі гэта.
    Ды і толькі (дый толькі) глядзі ды1.
    Падумаць толькі! глядзі падумаць.
    Толькі ваўкоў ганяць глядзі ганяць.
    Толькі залюбавацца глядзі залюбавацца.
    Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання. У панядзелак у Берасцянскай школе толькі і гаворкі было, што пра ларок без прадаўца. Скрыпка.
    Толькі і бачылі глядзі бачыць.
    Толькі пыл курыць (закурэў) глядзі пыл.
    Толькі пяткі заблішчалі глядзі пятка.
    Толькі (той) бяды глядзі бяда.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com