трымаць

тлумачэнне слова:

  трымаць, -аю, -аеш, -ае; незакончанае трыванне, каго-што.
    1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. ▪ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што-н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што-н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім-н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што-н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго-, што-н. Трымаць дзіця на руках. ▪ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.
    2. пераноснае значэнне Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што-н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго-, што-н. Дамба трымае ваду. ▪ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.
    3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе-н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. ▪ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.
    4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім-, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. ▪ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.
    5. пераноснае значэнне Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // размоўнае слова Абыходзіцца з кім-н., адносіцца да каго-н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.
    6. Надаўшы чаму-н. якое-н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім-н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. ▪ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.
    7. Быць, служыць апорай чаму-н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. ▪ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.
    8. Аддаваць куды-н. на які-н. час; захоўваць дзе-н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што-н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.
    9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям'ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што-н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // устарэлае слова, устарэлы выраз Мець якое-н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.
    10. размоўнае слова Здаваць каму-н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.
    11. размоўнае слова Рухацца ў якім-н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.
    12. Мець кантакты з кім-, чым-н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».
    13. пераноснае значэнне Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.
    14. пераноснае значэнне Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго-, што-н. Трымаць у памяці наказ сяброў.
    15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. ▪ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.
    16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.
    •••
    Ногі не трымаюць глядзі нага.
    Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.
    Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.
    Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.
    Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго-н., сачыць за чым-н., каб не наклікаць бяды на сябе.
    Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што-н.
    Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.
    Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму-н.
    Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (глядзі насіць).
    Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.
    Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.
    Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.
    Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.
    Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім-н.
    Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму-н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.
    Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім-, чым-н.
    Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.
    Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым-н.
    Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго-, што-н., заступацца за каго-, што-н.
    Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму-н.; неаператыўна вырашаць якую-н. справу.
    Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.
    Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.
    Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.
    Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго-н., быць на чыім-н. баку, адстойваць думку каго-н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.
    Трымаць слова — выконваць абяцанне.
    Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.
    Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго-, што-н.
    Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго-, што-н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.
    Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім-, чым-н., не спускаць з вачэй каго-н.
    Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.
    Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.
    Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго-н., не даваць волі каму-н.
    Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.
    Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго-н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго-н.
    Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.
    Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.
    Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.
    Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com