тлумачэнне слова:
трэсці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; прошлы час трос, трэсла; незакончанае трыванне 1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму-н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго-н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі. 2. (звычайна безас), каго-што і без дапаўнення Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган. 3. чым. Часта махаць, ківаць чым-н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. ▪ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым-н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч. 4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што-н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі. 5. што. размоўнае слова Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі. 6. каго-што і без дапаўнення размоўнае слова Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // пераноснае значэнне Дасканала, дэталёва вывучаць што-н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўвносілі іх зноў. Русецкі. 7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безасабовая форма Пра дрыжыкі, зведаныя кім-н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў. 8. пераноснае значэнне; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм'ерскага крэсла. Глебка. // размоўнае слова Часта турбаваць каго-н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык». 9. што. размоўнае слова Узмахваючы чым-н., ачышчаць ад чаго-н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў. ••• Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць. Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com