увесь

тлумачэнне слова:

  увесь, усяго, мужчынскі род; уся, усёй, жаночы род; усё, усяго, ніякі род; множны лік усе, усіх; займеннік азначальны.
    1. Вызначае што-н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб'ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. ▪ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі множны лік (усе, усіх). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з'яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. ▪ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з'яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. ▪ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.
    2. у значэнне назоўнік усё, усяго, ніякі род Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. ▪ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. ▪ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у значэнне выказнік Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у значэнне назоўнік усе, усіх. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. ▪ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // родны склон усіх. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.
    3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. ▪ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.
    4. у значэнне выказнік усё. размоўнае слова Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. ▪ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.
    5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога-н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.
    •••
    Ад усіх дзірак (бочак) затычка глядзі затычка.
    Ад усяго сэрца глядзі сэрца.
    Валіць усё ў адну кучу глядзі валіць.
    Ва ўсе лапаткі глядзі лапатка.
    Ва ўсёй (сваёй) красе глядзі краса.
    Ва ўсіх адносінах глядзі адносіны.
    Ведаць усе хады і выхады глядзі ведаць.
    Вось (табе) і ўвесь сказ глядзі сказ.
    Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) глядзі выматаць.
    Выціснуць усе сокі глядзі выціснуць.
    Званіць ва ўсе званы глядзі званіць.
    З усімі анёрамі глядзі анёры.
    З усіх канцоў глядзі канец.
    З усяго свету глядзі свет.
    Ісці на ўсё глядзі ісці.
    І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.
    Майстар на ўсе рукі глядзі майстар.
    Мераць усё (усіх) сваёй меркай глядзі мераць.
    Мераць усіх адной меркай глядзі мераць.
    Мераць усіх (усё) на адзін аршын глядзі мераць.
    На ўсе вякі глядзі век.
    На ўсе жылы; з усіх жыл глядзі жыла.
    На ўсе лады глядзі лад1.
    На ўсе чатыры бакі глядзі бок.
    На ўсім гатовым глядзі гатовы.
    На ўсю іванаўскую глядзі іванаўскі.
    Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.
    Ну, вось і ўсё! глядзі вось2.
    Па ўсім відаць глядзі відаць.
    Па ўсіх правілах глядзі правіла.
    Па ўсіх правілах мастацтва глядзі правіла.
    Перш за ўсё глядзі перш.
    Скарэй за ўсё глядзі скарэй.
    Скланяць на ўсе лады глядзі скланяць.
    Увесь у каго — пра падабенства да каго-н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.
    Увесь час глядзі час.
    Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.
    Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.
    Усе козыры ў руках глядзі козыр.
    Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.
    Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.
    Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (глядзі работа).
    Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.
    Усё (усе) на адзін капыл глядзі капыл.
    Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.
    Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.
    Усё страчана — пра што-н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.
    Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.
    Усімі сіламі глядзі сіла.
    Усіх масцей глядзі масць.
    Усяго добрага глядзі добры.
    Усяго найлепшага глядзі найлепшы.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Калі беларусы апусціліся на самае дно, зверху скінулі каменне.