улезці

тлумачэнне слова:

  улезці, улезу, улезеш, улезе; прошлы час улез, -ла; загадны лад улезь; закончанае трыванне
    1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго-н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. ▪ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // размоўнае слова Увайсці, забрацца куды-н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // размоўнае слова Пасяліцца, усяліцца куды-н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // пераноснае значэнне размоўнае слова Старанна ўнікнуць у якую-н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // размоўнае слова Надзець што-н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.
    2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды-н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды-н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // пераноснае значэнне Пранікнуць куды-н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.
    3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго-н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. ▪ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.
    4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго-н. Улезла стрэмка ў нагу. ▪ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што-н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.
    5. размоўнае слова Умяшацца ў якую-н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.
    •••
    Колькі ўлезе — уволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.
    Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (глядзі залезці).
    Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (глядзі залезці).



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Ёсць два тыпы людзей... і я ненавіджу абодва.