форма

тлумачэнне слова:

  форма, -ы, жаночы род
    1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. ▪ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы. Чорны. Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы. Матрунёнак. З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб'ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас. Ракітны. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне. Ваданосаў. // толькі множны лік (формы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў. // У скульптараў, мастакоў — аб'ёмнасць, контуры прадмета. // звычайна множны лік (формы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому-н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.
    2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н.; структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. ▪ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках». Колас. Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага. Івашын.
    3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу. // У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.
    4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога-н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм. Зарэцкі. Гэта была хада ў форме танца. Чорны. // Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне. Ермаловіч. [Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака. Барсток. // Характар працякання якога-н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.
    5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора. Чорны. Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям. «Полымя». // Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала. «Полымя». // Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.
    6. Прыстасаванне для надання чаму-н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. ▪ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы. Парахневіч. [Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах. Мяжэвіч. // У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.
    7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.
    8. Строга ўстаноўлены парадак у чым-н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме. // Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай... Карпаў. // Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда». Радкевіч.
    9. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы. Навуменка. Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?., хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць. Лось.
    10. Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. ▪ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Маўр. Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі. Хведаровіч. Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава. Брыль.
    11. звычайна множны лік (формы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.
    12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. ▪ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. Цікоцкі. // Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.
    13. толькі адзіночны лік Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме. // Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся. Навуменка.
    14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.
    •••
    Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб'ём і нескладаная кампазіцыя.
    Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.
    Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.
    Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.
    Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Там рай, дзе родны край.