хвост

тлумачэнне слова:

  хвост, хваста, месны склон -сце, мужчынскі род
    1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. ▪ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // пераноснае значэнне размоўнае слова У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер'я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.
    2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.
    3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго-н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.
    4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.
    5. размоўнае слова Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.
    6. размоўнае слова Рад людзей, што рухаюцца за кім-, чым-н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго-н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім-н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго-н., шпіёніць за кім-н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям'і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб'юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.
    7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.
    8. пераноснае значэнне размоўнае слова Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.
    9. спецыяльны тэрмін Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.
    10. абласное слова Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.
    •••
    Адкінуць хвост глядзі адкінуць.
    Апусціць (падтуліць) хвост глядзі апусціць.
    Віляць хвастом глядзі віляць.
    Вісець на хвасце глядзі вісець.
    Гнілому цяляці хваста не адарве глядзі адарваць.
    І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго-н. або пападаць каму-н. за што-н.).
    Круціць хвастом глядзі круціць.
    Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) глядзі лейцы.
    Накруціць хвост глядзі накруціць.
    Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго-н., пашкодзіць каму-н.
    Насыпаць солі на хвост глядзі насыпаць.
    Падтуліць хвост глядзі падтуліць.
    Падціснуць (падцяць) хвост глядзі падціснуць.
    Паказаць хвост глядзі паказаць.
    Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму глядзі прышчаміць.
    Прышый кабыле хвост глядзі прышыць.
    Сабаку (кату) лад хвост (грубае слова, грубы выраз) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).
    Сарока на хвасце прынесла глядзі сарока.
    Сарока хвастом замяце глядзі сарока.
    У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).
    Ушчаміць хвост каму глядзі ушчаміць.
    Хвастом вільнуць глядзі вільнуць.
    Хвастом накрыцца глядзі накрыцца.
    Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.
    Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).
    Цягнуць ката за хвост глядзі цягнуць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Грошы псуюць людзей! Так што ў нас, у Беларусі, народ добры...