хлеб

тлумачэнне слова:

  хлеб, -а, мужчынскі род
    1. толькі адзіночны лік Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. ▪ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. ▪ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама множны лік (хлябы, -оў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.
    2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. ▪ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.
    3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / множны лік хлябы, -оў. размоўнае слова Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.
    4. толькі адзіночны лік; пераноснае значэнне размоўнае слова Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.
    •••
    Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.
    Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.
    Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.
    Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).
    Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.
    Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый-н. занятак.
    Дарэмна хлеб есці глядзі есці.
    Даць салдацкага хлеба (грубае слова, грубы выраз) — даць выспятка; даць каленам пад зад.
    Есці чужы хлеб глядзі есці.
    Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з'есці дзецям.
    З хлеба крошак шукаць глядзі шукаць.
    Ісці на свой хлеб глядзі ісці.
    І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму-н.
    І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).
    Карміць хлебам глядзі карміць.
    Кусок (кавалак) хлеба глядзі кусок.
    Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.
    Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.
    На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй-н. ласкі.
    Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.
    Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго-н. у ядзе.
    Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) глядзі перабівацца.
    Свой акраец хлеба глядзі акраец.
    Сесці на хлеб чый глядзі сесці.
    Стаць на свой хлеб глядзі стаць.
    Сядзець на чужым хлебе глядзі сядзець.
    Хлебам не кармі глядзі карміць.
    Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).
    Хлеб есці з чаго глядзі есці.
    Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.
    Цераз хлеб ды хлеба шукаць глядзі шукаць.
    Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.
    Шукаць лёгкага хлеба глядзі шукаць.
    Шукаць як хлеба глядзі шукаць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com