цягнуць

тлумачэнне слова:

  цягнуць, цягну, цягнеш, цягне; незакончанае трыванне
    1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго-н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. ▪ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна. Крапіва. [Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу. Бядуля. // Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога-н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот. Крапіва. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Прымаўка. // Ухапіўшы, трымаючы за што-н., прымушаць каго-н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад. Чорны. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей. Лынькоў. Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. Кулакоўскі. // Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.
    2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі. Сачанка. Раз'юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку. Даніленка. // Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну. М. Стральцоў. А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Колас.
    3. што. Выцягваць, працягваць у якім-н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды. Чорны. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін. // Накіроўваць куды-н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл. Агняцвет.
    4. што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца. // спецыяльны тэрмін Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот. // спецыяльны тэрмін Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.
    5. каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі. Броўка. Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, вароны. Купала. Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. // і без дапаўнення Быць здольным перамяшчаць што-н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі. Чыгрынаў. // Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно. Лынькоў. // пераноснае значэнне Выклікаць, мець што-н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».
    6. каго-што. размоўнае слова Несці што-н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. С. Александровіч. Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам. Астрэйка.
    7. што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія-н. абавязкі, выконваць якую-н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі. Дуброўскі. // каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне? Асіпенка. Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне. Прымаўка.
    8. каго-што. Даставаць адкуль-н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тып, прысядаў і цягнуў ваду. Чорны. [Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук. Колас. // Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік. // размоўнае слова Вымаць, даставаць што-н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там. Лынькоў.
    9. што і без дапаўнення Смактаць, уцягваць (што-н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску. Пташнікаў. [Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні. Брыль. // Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако. Даніленка. Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком. Васілёнак. Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно]. Шамякін. // Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты. Пянкрат.
    10. каго-што. размоўнае слова Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды-н. Цягнуць на каток. ▪ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт. Хадкевіч. // пераноснае значэнне Схіляць на чый-н. бок, на якія-н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага. Крапіва. // пераноснае значэнне Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Грахоўскі.
    11. каго-што. Вабіць да каго-, чаго-н., куды-н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві. Сачанка. Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў. Карпюк. Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі. Свірка. / у безасабовая форма ужываецца, ужыванне Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Марціновіч. Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча. Лобан. // безасабовая форма каго-што да чаго і з інфінітыў Мець імкненне да якога-н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Ваданосаў. Вучоная кар'ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі. Кудраўцаў.
    12. безасабовая форма каго-што на што і да чаго. Адчуваць патрэбу ў чым-н., хіліць на што-н. (пра які-н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон. Пташнікаў. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка. Чарнышэвіч. // з інфінітыў Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Чорны. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі.
    13. што. размоўнае слова Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! В. Вольскі. // і без дапаўнення Незаконна браць, прысвойваць што-н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць. Ермаловіч.
    14. што і без дапаўнення (са словамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень. Астрэйка. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас.
    15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры. Гурскі. // безасабовая форма чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім-н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг. Хомчанка. А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму. Адамчык. Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы. Каршукоў. // што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць. Чорны.
    16. што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым-н. Цягнуць судовую справу. // без дапаўнення Марудзіць з ажыццяўленнем чаго-н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы. Самуйлёнак. [Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць. Машара.
    17. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб'язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне. Сабаленка. Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы. Свірка. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.
    •••
    За вушы цягнуць каго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што-н. рабіць.
    Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (глядзі цягаць).
    Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго-н.
    Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое жаночы род
    Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы.
    Цягнуць воз — выконваць усю асноўную работу.
    Цягнуць жылы з каго — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.
    Цягнуць за душу каго — даймаць, назаляць чым-н. непрыемным, нудным.
    Цягнуць за язык — змушаць расказаць што-н., адказаць; прымушаць выказацца.
    Цягнуць (разводзіць) каніцель — а) рабіць, гаварыць, выконваць і пад. што-н. аднастайна, нудна; займацца чым-н. аднастайным, нудным; б) марудзіць, зацягваць якую-н. справу, здзяйсненне чаго-н.
    Цягнуць ката за хвост — нудна, наўмысна павольна гаварыць.
    Цягнуць лямку — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.
    Цягнуць на вяроўцы каго — памагаць з усіх сіл заняцца якой-н. дзейнасцю таму, хто не здольны да гэтай дзейнасці або не хоча ёю займацца.
    Цягнуць руку чыю, каго — падтрымліваць каго-н., чые-н. погляды, думкі.
    Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую-н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што-н.
    Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com    оцифровка видеокассет


twitter.com/skarnikby твітніца

Раней мы куплялі кітайскія рэчы без сертыфікатаў, а цяпер будзем купляць зноў без сертыфікатаў, але ў 2 разы даражэй. Клопат дзяржавы.