час

тлумачэнне слова:

  час, -у, мужчынскі род
    1. Працягласць існавання ўсіх з'яў рэчаіснасць якая вымяраецца вякамі, гадамі, гадзінамі, мінутамі і пад. Час не стаіць і не чакае. Колас. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. // Мера працягласці ўсяго, што існуе ці адбываецца. Сонечны час. Зорны час. Сярэдні сутачны час. ▪ Было адзінаццаць гадзін ночы па маскоўскаму часу. Шамякін. // Паслядоўная змена мінут, гадзін, дзён і пад. У марах ды ў гаворцы час бяжыць хутка, і мужчыны не заўважылі, як апынуліся перад ганкам перасяленцкага пункта. Пальчэўскі.
    2. Больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што-н. адбываецца. Траціць час. Бавіць час. ▪ За час сваёй доўгай хваробы .. [Марылька] навучылася вось так ляжаць, глядзець і думаць... Брыль. [Пніцкі:] Цяпер жыву, работы хапае.. А пасля не тое яшчэ будзе. Дай ты адно нам час умацавацца. Чорны. // Пара года, месяца, дня і пад. Ранні час. ▪ Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў]. Дуброўскі. Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня. Навуменка. // Вольныя ад асноўнага занятку гадзіны, дні, якія можна прысвяціць якой-н. іншай справе. Дырэктар сустрэў суддзю стрымана. — Няма мне часу па рыбалках ездзіць. План трэба выконваць. Капусцін. Нялёгка Леніну было ў тыя дні. Але і тады Уладзімір Ільіч знаходзіў час, каб з выключнай любоўю аднесціся да людзей, дапамагчы ім. Мяжэвіч.
    3. Нейкі пэўны момант у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад. Назначыць дакладны час сходу. ▪ У гэты ж час хрыпла і прыдушана закукавала зязюля... Нікановіч. // Адпаведны момант, спрыяльная пара для якіх-н. дзеянняў, для разгортвання чыёй-н. дзейнасці. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор'е. Мележ. // у значэнне выказнік Наступіла пара. Час класціся спаць. Час збіраць ураджай. ▪ Час быў выходзіць. А чалавек усё стаяў і глядзеў. Шыцік. [Дзед:] — Час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы... Лынькоў.
    4. Перыяд, эпоха, пэўная колькасць гадоў у жыцці чалавецтва, дзяржавы, народа і пад. Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу. Крапіва. Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася Лёдзі дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Карпаў.
    5. У філасофіі — усеагульная аб'ектыўная форма існавання матэрыі, якая праяўляецца ў працягласці і паслядоўнасці, неад'емна ад руху. У свеце няма нічога, апрача рухаючайся матэрыі, і рухаючаяся матэрыя не можа рухацца інакш, як у прасторы і ў часе. Ленін.
    6. У лінгвістыцы — форма дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога-н. іншага моманту. Прошлы час. Цяперашні час. Будучы час.
    •••
    Даўномінулы час — асобая форма дзеяслова прошлага часу ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што адбылося (адбывалася) раней другога дзеяння прошлага часу.
    Дэкрэтны час — паясны час, пераведзены для тэрыторыі СССР на адну гадзіну ўперад.
    Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з'яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб'яўленні ваеннага або асаднага становішча.
    Машынны час — час, за які выконваецца работа ці вытворчая аперацыя машынай або механізмам.
    Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.
    Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.
    Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.
    Апошні час — незадоўга да цяперашняга моманту.
    Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.
    Благі час — нядобры час, ліхая гадзіна.
    Выйграць час глядзі выйграць.
    Да пары да часу глядзі пара.
    Да часу — а) раней тэрміну. — Мы скончылі ўжо, — растлумачыў .. [Міхась]. — Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. Скрыган; б) часова. Зрабілі некалькі брыгад: абсталяваць хоць да часу будоўлю пад .. жывёлу. Чорны.
    Засячы час глядзі засячы.
    З цягам часу глядзі цяг1.
    З часам — у будучым, некалі.
    Каліф на час глядзі каліф.
    На першы час — для пачатку чаго-н.
    На скорым часе — неўзабаве, хутка.
    На той час — некалі, у мінулым, раней.
    На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).
    Пад час — калі-нікалі, зрэдку.
    Па часе — пасля таго, як ужо што-н. здарылася.
    Самы час — іменна такі, які патрэбна, пара.
    Сімвал часу глядзі сімвал.
    Судны час — тое, што і судны дзень (глядзі дзень).
    Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант. Тым часам ля ракі ўзнялася, зноў страляніна. Лынькоў.
    Увесь час — пастаянна, бесперастанку.
    У добры час — нежаданне поспеху, удачы каму-н.
    У свой час — а) некалі, калісьці, раней, у мінулым. І ліпы ўздоўж нашай вуліцы пасадзіў у свой час таксама адзін з паноў Стахоўскіх, — тлумачыць стары краязнаўца. В. Вольскі; б) своечасова, калі ў чым-н. будзе патрэба, неабходнасць. — Усё ў свой час. Рабіць так, як дамовіліся, — сказаў Хукін. Алешка.
    У хуткім часе — хутка, неўзабаве, у блізкай будучыні.
    У час — своечасова, у патрэбны момант.
    Час б'е чый або каго-чаго — а) падыходзіць, набліжаецца канец; б) падыходзіць час што-н. рабіць.
    Час не трывае (не чакае) — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго-н.
    Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго-н.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com