тлумачэнне слова:
чорт, -а, месны склон -рце, мужчынскі род 1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д'ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб'ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка. 2. размоўнае слова Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // размоўнае слова Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў. 3. пераноснае значэнне размоўнае слова Пра каго-н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка. ••• Аддаць (прадаць) чорту душу глядзі аддаць. Адзін чорт — тое, што і адна трасца (глядзі трасца). Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго-, чаго-н. Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік. К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго-, што-н., жаданне пазбавіцца ад каго-, чаго-н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва. К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.). К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.). На чорта (грубае слова, грубы выраз) — навошта, дзеля чаго? Ні богу свечка ні чорту качарга глядзі свечка. Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны. Ніякага чорта — нічога. (Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе-н.; пра непраходнае месца, дарогу. Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна. Скруціць чорту рогі глядзі скруціць. Чарцям млосна (будзе, стане) глядзі млосна. Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго-н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас. Чортам падшыты глядзі падшыты. Чортам свістаць глядзі свістаць. Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.). Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш. Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так. Чорт лазаты — пра таго, хто з'яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас. Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць) . Чорт падаткнуў — аб якім-н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго. Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што-н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці). Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з'явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба. Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць. Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам. Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.). Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны. Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода. Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (глядзі бог). Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто. Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці. Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго-н., зласлівасці, незадавальнення. Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго-, чаго-н. Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго-, чаго-н.). Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com