чуць

тлумачэнне слова:

  чуць1, чую, чуеш, чуе; незакончанае трыванне
    1. каго-што, з даданы сказ сказам. Успрымаць, адрозніваць гукі, шумы і пад. пры дапамозе органа слыху. Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы — Штораз варушацца жывей, Бо чуюць голас навальніцы, А хмары сунуцца бліжэй. Колас. Стаіць [Іван пад дубам].., аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты. Якімовіч. // Успрымаць слыхам (размову, выказванне і пад.), разумеючы, усведамляючы сэнс. — Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат. Бядуля. [Галасы:] — Брава! — Наша ўзяло! — «Светлы шлях» перамог! [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. [Насця:] Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта. Крапіва.
    2. без дапаўнення Мець слых. Мы ўжо давай паказваць немцу знакамі, што чалавек глухі, не чуе, што мы ўжо, калі гэтак трэба, то самі яго пазавём. Кулакоўскі.
    3. аб кім-чым, пра каго-што і з даданы сказ сказам. Мець якія-н. звесткі, паведамленне ведаць з размоў, чутак пра каго-, што-н. [Бывалы:] — Я прыйшоў да вас таму, што чуў, быццам у вас ёсць атрад. Новікаў. Партызаны пыталіся, мо чулі танкісты пра сваякоў, родных, абменьваліся адрасамі. Грамовіч. Ён жа [камбат] быў чалавекам, Сябрам быў нам усім... І амаль чвэртку веку Мы не чулі аб ім. Прыходзька.
    4. каго-што і чаго. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць. Не чуць абмарожанага пальца. ▪ Нарэшце па віхрах, па сцюжы Заглянуў вясенні прасвет; Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, Як іншым, як лепшы стаў свет? Купала. Накурылі [госці], не чулі дыму і не расчынялі дзвярэй. Пташнікаў. // Прадчуваць, здагадвацца. [Бабуля:] — А Туман [сабака] наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць ні на крок. Шыловіч. — Нашы прыйдуць. Сэрца маё чуе гэта, — .. [Таня] паднялася. Шамякін. Чуюць восень і шпачкі, што статкам кружацца над іржышчам. С. Александровіч. // размоўнае слова Распазнаваць чуццём (пра жывёл). [Нарушэвіч:] — Сабакі ў гаспадара чуткія — воўка чуюць за вярсту, паганых людзей — за дзесяць. Машара. — [Сабака] некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант. Зуб. А тут жа, крыху ніжэй, .. [конь] бачыць і чуе нюхам смачную дзяцеліну — маладую, свежую. Якімовіч.
    5. (са словам «сябе»). Мець тыя ці іншыя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні. Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым і... чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Мележ. [Зося] цяпер пачала зусім чуць сябе тут [у Сегенецкіх] як да часу. Чорны.
    6. у значэнне пабочнае слова чуеш (чуеце). размоўнае слова Ужываецца, каб падкрэсліць сказанае, як настойлівае ўказанне, патрабаванне. Добрай раніцы, сэрца народа, Добрай раніцы, горад-герой! Чуеш, нашы спяшаюць з Усходу, Бачыш, нашы навекі з табой. Астрэйка. Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!.. Сіпакоў.
    7. у форме інфінітыў, у значэнне выказнік Тое, што і чуваць. Ну, вось, здаецца, што ўсё ўжо разгледзеў. Перагарэлі смалістыя дровы. Чуць на дварышчы гамонка суседзяў. Танк.
    •••
    Адным вухам (краем вуха) чуць — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што-н.
    І чуць не чуў — поўнае адмаўленне ад чаго-н.
    На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што-н.
    Не чуць душы ў кім — вельмі моцна, бязмежна любіць каго-н.
    Не чуць зямлі пад сабой (пад нагамі) — быць у радасным, прыўзнятым настроі ад чаго-н.
    Ні рук ні ног не чуць — моцна стаміцца.
    Ног не чуць пад сабой — а) вельмі хутка бегчы. Жанкі ўрассыпную, ды драла. Не чуюць і ног пад сабою. Колас; б) вельмі стаміцца; в) быць важным або ў вельмі добрым настроі.
    Носам чуць — вельмі добра, востра адчуваць, прадчуваць што-н.
    Чуць дух чый — адчуваць чыю-н. строгасць, баяцца каго-н.
    Чуць з трэціх вуснаў — не непасрэдна, праз некага.
    Шнуры на сабе не чуць — быць вельмі распушчаным, сваволіць, рабіць што-н. шкоднае (звычайна пра дзяцей).
  чуць2, прыслоўе і злучнік
    1. прыслоўе Ледзь, трохі. Ветрык краскі чуць калыша, Травы шалясцяць. Колас. На .. [бацькавым] твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Гартны. Зайшоўшы глыбей, .. [Маша] чуць прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Шамякін.
    2. злучнік Ужываецца ў даданых часавых сказах у значэнні: як толькі, ледзь толькі. Чуць на небе зара Занімаецца, У курнай хаце мужык Падымаецца. Купала. Толькі спрактыкаваны чалавек мог намацаць пад рудой тванню цвёрдую палоску насцілу. Чуць збочыў — і плюхнешся ў тарфяную калатушу. Новікаў.
    •••
    Чуць дзень глядзі дзень.
    Чуць свет глядзі свет.
    Чуць-чуць — зусім нямнога.
    Чуць што — як толькі штосьці здарыцца, пры ўсякім выпадку.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com