тлумачэнне слова:
чысты, -ая, -ае. 1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. ▪ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у значэнне назоўнік чыстае, -ага, ніякі род Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала. 2. размоўнае слова Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў. 3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула. 4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // размоўнае слова Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў. 5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. ▪ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у пераноснае значэнне ужываецца, ужыванне Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў. 6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі. 7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак. 8. пераноснае значэнне Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. ▪ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. ▪ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава. 9. пераноснае значэнне Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх-н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін. 10. Які застаецца пасля вылічэння чаго-н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у значэнне назоўнік чысты, -ага, мужчынскі род [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач. 11. размоўнае слова Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі. 12. размоўнае слова Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго-, што-н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ. 13. Не звязаны з практычным прымяненнем; процілеглае прыкладны. Чыстая тэорыя. ••• Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (глядзі мастацтва). Чыстая вага глядзі вага. Ад чыстага сэрца глядзі сэрца. Вывесці на чыстую ваду глядзі вывесці. Выйсці чыстым глядзі выйсці. З чыстым сумленнем глядзі сумленне. Прыняць за чыстую манету глядзі прыняць.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com