бачыць

тлумачэнне слова:

  бачыць, -чу, -чыш, -чыць; незакончанае трыванне
    1. каго-што. Успрымаць зрокам. А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Колас.
    2. Сустракаць каго-, што-н. [Люба:] — Таварыша Іванчанку дзе мне тут бачыць? Кучар. [Лабановіч:] — Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз начыстую сілу? Колас. // Трапляцца на вочы, сустракаць у жыцці. А сосны! Сосен ты такіх не бачыў, дружа любы! Свірка.
    3. Уяўляць у думках. У нас у жылах творчы сок, Мы ўперад на стагоддзі бачым. Таўбін. Лесавод у думках бачыць перад сабой магутны лес з лістоўніц, дзе кожнае дрэва — волат. Мяжэвіч.
    4. каго-што і чаго. Звяртаць увагу, заўважаць. На.. схуднелых бледных тварах [хлапцоў] можна было бачыць сляды глыбокіх чалавечых пакут. «ЛіМ». [Пніцкі:] — Мы не прывыклі да акуратнасці. Мы яе, сказаць, ніколі і не мелі.. У нас часта пад нагамі прападае, а мы не бачым гэтага. Чорны.
    5. без дапаўнення Валодаць пачуццём зроку. [Вася:] — Паступова да мяне вярнулася здольнасць бачыць. Шамякін.
    6. што і з даданы сказ сказам. Усведамляць, разумець, адчуваць. Костусь бачыў, што праўду кажа Іллюк. Чорны. // Знаёміцца з кім-, чым-н., асабіста набыўшы дзе-н. І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў. Дубоўка. // Перажываць, зазнаваць, адчуваць на сабе. [Дзед:] — Добра табе [Міколку] так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў. Лынькоў. [Лясніцкі] ніколі да гэтага не бачыў вайны. Шамякін. Ніколі ў жыцці нічыёй Не бачыла ласкі дзяўчынка. Смагаровіч. // Карыстацца, мець, валодаць. А цяпер, калі за гэту справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка — не бачыць Грамабою гэтай зямлі. Крапіва.
    7. каго-што. Выяўляць у кім-, чым-н. каго-, што-н. [Крушынскі:] — Цяпер бачу ў вас [Іван Мацвеевіч] свайго старога прыяцеля. Бядуля. Я чытаў і быў рад,.. што ў гэтым мужыку бацька бачыць самога сябе. Скрыган. З гэтага моманту Валя пачала бачыць у Любе не тое, што бачыла раней. Чорны. // Знаходзіць, успрымаць. Лічачы сябе пакрыўджаная. [Лёдзя] ва ўсім бачыла крыўднае для сябе, а ў кожным свайго крыўдзіцеля. Карпаў. Хтось бачыць музыку ў сасне, А хтосьці — новае карыта. Пысін.
    8. што. размоўнае слова Мець, атрымліваць. Што мы ад яго бачым — адны непрыемнасці.
    9. у значэнне пабочнае слова Падкрэслівае якую-н. акалічнасць, які-н. факт. [Пракурор:] — Ім, бачыце, цесна, ім мала Прастору, нямецкай зямлі. Колас. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Брыль.
    •••
    Бачыць (навылёт) навылет, бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго-н.
    Бачыць не магу (не можа) — ненавідзець, не пераносіць, не цярпець каго-н.
    Бачыць (на тры аршыны, на тры сажні) пад зямлёю — вызначацца праніклівасцю.
    Бачыць саву смаляную — нічога не бачыць.
    Бачыш ты! — пры выказванні здзіўлення.
    Бог бачыць глядзі бог.
    Вось бачыш (бачыце)! — гаворыцца для пацвярджэння правільнасці чыіх-н. слоў, вывадаў; ужываецца пры выказванні папроку і інш.
    Вочы б мае не бачылі глядзі вока.
    Дай бог чутае бачыць глядзі бог.
    Далей свайго носа не бачыць — не бачыць таго, што робіцца навокал.
    Дзе ты бачыў, дзе вы бачылі — ніколі, нізашто.
    За дрэвамі не бачыць лесу — за чым-н. дробным не заўважаць значнага, вялікага.
    Зроду не бачыць — ніколі не бачыць каго-, чаго-н.
    І бачыць не бачыў — поўнае адмаўленне ад чаго-небудзь.
    Каб (мае) вочы не бачылі глядзі вока.
    Каб жа чутае бачыць — каб здзейснілася тое, што паабяцана.
    Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім-н.
    На свае (уласныя) вочы бачыць — быць сведкам чаго-н.
    Не бачыць прасвету — быць вельмі занятым справамі, працай; доўгі час пакутаваць ад чаго-н.
    Не бачыць у вочы каго зусім не бачыць.
    Не бачыць, як сваіх вушэй — не быць таму, чаго хто-н. жадае.
    Па вачах бачыць — даведвацца аб унутраным стане, учынках каго-н. па абліччы, па выразе твару.
    Рад бачыць (вас) — форма ветлівага звароту пры сустрэчы са знаёмымі.
    Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.
    Свету белага (божага) не бачыць — быць вельмі занятым.
    Спаць і курэй бачыць глядзі спаць.
    Толькі і бачылі — пра раптоўнае бясследнае знікненне каго-н.
    У вочы не бачыць — а) не сустракаць каго-, чаго-н.; б) не мець чаго-н.
    Як бачыш — а) хутка, скора. Конь добры, як бачыш заехалі; б) як пацвярджэнне пры адказе — так, але.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com


twitter.com/skarnikby твітніца

15 ліпеня 1410 года адбылася Грунвальдская бітва. «Гісторыя Беларусі пачалася з 1917», ага.