шэры

тлумачэнне слова:

  шэры, -ая, -ае.
    1. Колер, які атрымліваецца пры змяшэнні чорнага і белага; колер попелу. — А хіба наш Барсік не «вучоны»? — хітравата спытала маці і паклікала з кутка пушыстага шэрага ката. Шыловіч. На фоне шэрага неба Званчэй залаціцца восень, І крык жураўліны нема Для неба сінечы просіць. Тармола. Па цёмным балоце, Дзе шэры лішайнік, .. след у чароце Забыў парушальнік. Куляшоў. // Бледны, як попел (пра твар чалавека, пра чалавека з такім тварам). Твар шэры, скулы завастрыліся, шчокі запалі, пад вачыма мяшэчкі. Хомчанка. Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попелам. Шамякін. // у значэнне назоўнік шэры, -ага, мужчынскі род; шэрая, -ай, жаночы род Пра жывёлу такога колеру. З-за Урала Пад Ушачы Шэрага [ваўка] Вязуць з пашанай. Барадулін.
    2. Хмурны, не сонечны (пра надвор'е). Шэры, непрыветлівы дзень наганяў маркоту. Асіпенка. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі. Хадкевіч. Грыша толькі цяпер заўважыў, што шэры асенні дзень пасвятлеў і ў суцэльнай пялёнцы туману сям-там віднеліся прагаліны. Пальчэўскі. / у вобразным ужываецца, ужыванне — Той сакавік усім даўно абрыд, Вятры яму хаўтурнае свісталі, І на душы быў шэры краявід З малой надзеяй вельмі на світанне. Лужанін.
    3. пераноснае значэнне Бясколерны, бедны зместам, які не ўражвае. Нярэдка з'яўляліся малавыразныя, шэрыя творы. «Полымя». Даўні сябра галоўнага рэдактара прынёс апавяданне. Шэрае, доўгае, нецікавае. Бяспалы. Вершу б не быць неабчэсаным, шэрым І не ляжаць у пісьмовым стале, Калі б не пісалі яго на паперы, А высякалі яго — на скале. Смагаровіч. У яго [Пысіна] няма нудных і шэрых замалёвак, няма траскучых, напыш[лів]ых радкоў, няма доўгіх вершаў-вяровак. Бялевіч. // Аднастайны, будзённы, не напоўнены яркімі падзеямі. І пацягнуліся адзін за адным шэрыя, поўныя трывожнага чакання дні. Бяганская. Мінулася дзяцінства і юнацтва. А было яно шэрае, не сагрэтае ні мацярынскімі клопатамі, ні ласкай. Гаўрылкін. // Змрочны, нярадасны. Эх, агульная кватэра, І далася ты мне ў знак!.. Светлы дзень здаецца шэрым, Як мне быць, скажыце, як? Кляўко.
    4. Непрыкметны знешне і ўнутрана, нецікавы. Мужчын-настаўнікаў — трое.. Астатнія — немаладыя жанчыны, шэрыя і нецікавыя. Навуменка. Нікому ніколі тут гэтая шэрая асоба не кідалася ў вочы. Чорны. // Раней — які не адносіўся да прывілеяваных класаў; просты. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец.
    5. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шэры папугай. Шэрая качка.
    •••
    Шэрая гадзіна глядзі гадзіна.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com